
У раённым доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 10-гадоваму юбілею клуба «У коле сяброў». Свята супала з правядзеннем рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы», што дадало падзеі асаблівую атмасферу цяпла і клопату.
Павіншаваць членаў клуба, які аб’ядноўвае людзей старэйшага пакалення, прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Раман Цеслянок, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Кулабухава, дырэктар ТЦСАН Людміла Брэгід, дырэктар ЦТДіМ Наталля Корхава і інш.

– Гэты клуб – астравок цяпла і сяброўства, дзе людзі могуць знайсці падтрымку і новыя інтарэсы, – адзначыў у сваім прывітальным слове Раман Міхайлавіч, які ўручыў падзячны ліст райвыканкама Ліне Адамаўне Пятніцкай за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўклад у развіццё клуба.
Людміла Брэгід, у сваю чаргу, падзякавала ўсім актыўным членам клуба за іх энтузіязм і адданасць агульнай справе, уручыўшы ім памятныя падзякі:
– Ваша ініцыятыўнасць і адданасць агульнай справе – галоўная рухаючая сіла клуба. Дзякуй за тое, што вы робіце жыццё вакол ярчэй і насычаней!

З юбілеем клуб павіншавала і Наталля Корхава.
– Мы заўсёды гатовыя падтрымліваць вашыя творчыя пачынанні. Ваша энергія і аптымізм – прыклад для пераймання падрастаючаму пакаленню.
Святочную атмасферу юбілею дапоўнілі яркія выступленні артыстаў раённага дома культуры.
















