На варце дзяржаўных рубяжоў: як выпускнік Брагінскай школы Дзяніс Маісееў стаў курсантам інстытута пагранслужбы

Грамадства

Быць пагранічнікам – не проста праца, а справа гонару і служэнне Радзіме. У гэтым перакананы курсант інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Дзяніс Маісееў, ураджэнец Брагіна, чыя гісторыя даказвае: мары здзяйсняюцца, калі ісці да іх упэўнена і мэтанакіравана.

Цікавасць да воінскай службы з’явілася ў Дзяніса яшчэ ў дзяцінстве. Уражвалі фільмы, у якіх мужныя воіны ў зялёных фуражках з гонарам ахоўвалі рубяжы.

– Гэтыя людзі ўяўляліся мне асабліва адважнымі і адданымі свайму абавязку, – успамінае зямляк.

Пасля заканчэння школы лёс прывёў Дзяніса ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж, а затым ён быў прызваны на тэрміновую воінскую службу. Праходзіў яе ў манеўранай групе вайсковай часці 2147 Брэста.

Абавязак перад Радзімай, адчуванне важнасці сваёй справы і магчымасць стаяць на варце дзяржаўных рубяжоў – усё гэта знайшло водгук. Менавіта тады вырашыў прысвяціць сябе абароне краіны. Прапанова паступіць у інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь стала лагічным працягам яго шляху.

Цяпер Дзяніс – другакурснік.

– Афіцэры і выкладчыкі даюць нам максімум ведаў, вучаць вытрымцы, уменню прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях. Усё гэта спатрэбіцца для аховы дзяржаўнай граніцы, – дзеліцца курсант.

Вучоба – гэта важна, але яна не адзіная частка жыцця земляка. Дзяніс з дзяцінства захапляецца лёгкай атлетыкай. У інстытуце ён мае магчымасць працягваць трэніроўкі і ўдзельнічаць у спаборніцтвах.

– Для высокіх вынікаў патрэбна планамерная, карпатлівая праца, – упэўнены курсант.

Зараз ён праходзіць практыку ў Гродна. Як будучы афіцэр павінен не толькі ведаць тэорыю, але і ўмець кіраваць асабовым складам.

– Толькі дзякуючы якаснай падрыхтоўцы можна дасягнуць жаданых вынікаў, – адзначае Дзяніс.

Ён упэўнены: пагранічная служба заўсёды будзе важнай і запатрабаванай.

– Гэта справа гонару, школа мужнасці і самаадданасці, – лічыць зямляк, падкрэсліваючы непахіснасць традыцый і важнасць абароны дзяржаўных рубяжоў.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.