
Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у гісторыі Беларусі, забраўшы жыцці кожнага трэцяга яе жыхара. Гэта не проста трагічная статыстыка, а мільёны зламаных лёсаў, загубленых сем’яў. У самой гушчы трагічных падзей апынуліся і жыхары беларускіх вёсак, якія сутыкнуліся з палітыкай генацыду нацысцкіх акупантаў.
Сам тэрмін «генацыд», які азначае знішчэнне людзей па нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай прыналежнасці, быў уведзены ў міжнароднае права дзякуючы ўраджэнцу Беларусі – Рафаэлю Лемкіну. Менавіта ён у 1945 годзе прадставіў гэтае паняцце на Нюрнбергскім трыбунале і тым самым пазначыў маштаб злачынстваў, учыненых нацыстамі.
За гады акупацыі фашысты правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый. Тысячы вёсак былі знішчаны, паўтара мільёна чалавек загінулі ў гета і канцлагерах, каля 400 тысяч сагнаны на прымусовыя работы ў Германію. З 1941 па 1944 год гітлераўцы спалілі 9200 беларускіх вёсак, прычым у 5295 выпадках знішчэнне суправаджалася масавым забойствам жыхароў. Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду ў Беларусі стала знішчэнне 2 230 000 чалавек за тры гады акупацыі.
Гісторыя Адама Гракуна, ураджэнца Брагіншчыны, – адзін з мноства прыкладаў дзяцінства, апаленага вайной. Яго ўспаміны былі зафіксаваны пракуратурай раёна.
Нараджэнне ў акупацыі
Адам Гракун нарадзіўся ў вёсцы Выграбная Слабада 15 сакавіка 1941 года, але, як ён сам казаў, фактычна – у 1942 годзе:
– Год накінулі. Месяц не ведаю, таму што дакументы спалілі.
Ужо з першых месяцаў жыцця Адаму давялося сутыкнуцца з жахамі акупацыі. Яго бацька, Павел Максімавіч, пайшоў на фронт, а маці, Анастасія Сямёнаўна, засталася адна з маленькім сынам і састарэлай маці.
За калючым дротам
У 1943 годзе ў вёску прыйшлі немцы. Яны, як успамінала маці Адама Паўлавіча, сабралі ўсіх жыхароў і пагналі ў Германію.
– Шлях на чужыну быў доўгі: пешшу – да Хойнік, а далей – у таварных вагонах, – расказваў ён.
Дарога – з пакутамі: без ежы, адпачынку. Многія гінулі ад голаду, хвароб і страты сіл.
Спачатку людзей прывезлі ў Польшчу, а затым – у Германію.
– Лагеры ўяўлялі сабой баракі, абнесеныя калючым дротам, – расказваў былы вязень.
Антысанітарыя і хваробы. Ежы ледзь хапала, каб не памерці з голаду.
– Кармілі разы два баландой з бруквай. Вядома, гэтага не хапала. Каб нас пракарміць, маці цішком брала бульбу ў сталовай, дзе працавала, – узгадваў яе ўспаміны зямляк.
Людзі часта хварэлі, але медыцынскай дапамогі практычна не было. Маці Адама не стала выключэннем – захварэла на тыф і была адпраўлена ў ізалятар.
Панаваў страх, якім, здавалася, было напоўнена паветра. Галодныя дзеці прасілі хлеб у немцаў. Часам ім удавалася нешта атрымаць.
У лагеры людзей прымушалі працаваць. Некаторых адпраўлялі ў нямецкія сем’і, дзе яны даглядалі гаспадарку, а дзеці пасвілі свіней. Калі хтосьці адмаўляўся ці не хапала сіл, білі.
Пасля вайны
У лагеры сям’я Гракуноў правяла каля двух гадоў. Пасля вызвалення накіраваліся дадому. Дарога была доўгая, давялося зімаваць у Лунінцы. Там жа памерла і была пахавана бабуля Адама.
Калі дабраліся да роднай вёскі, убачылі, што яна цалкам спаленая. Жылі ў Просмычах, у доме бабулі. Затым сям’я пераехала ў Брагін.
Пасля вайны Адам Гракун скончыў школу, служыў у арміі, працаваў.
– Былога вязня ўжо няма ў жывых, але яго ўспаміны былі зафіксаваныя і сталі сведчаннем генацыду беларускага народа, – адзначыў пракурор Брагінскага раёна Аляксей Мельнікаў.
Пракуратура Беларусі, расследуючы такія факты, збірае сведчанні, каб захаваць праўду пра вайну і не дапусціць яе паўтарэння.

