З клопатам, увагай і цяплом – да старэйшых: чым будзе напоўнена акцыя «Ад усёй душы»

Важнае Грамадства

У Беларусі пражывае больш за паўтара мільёна чалавек ва ўзросце за шэсцьдзесят пяць. Гэта ў тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай і пацярпелыя ад яе наступстваў, людзі, якія падымалі краіну з руін пасля вайны, закладвалі трывалы падмурак незалежнай рэспублікі. Асобная катэгорыя – тыя, хто застаўся на схіле гадоў адзінокім, без патрымкі родных і блізкіх.

Лепшае, што можна зрабіць для такіх людзей напярэдадні і ў час навагодніх святаў, – наведаць, ахінуць цяплом і увагай, стаць часткай дамашняга ачага. На гэта нацэлена акцыя пад назвай «Ад усёй душы».

Праект даволі малады – запушчаны па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы ў канцы 2022 года, але ўжо нават за гэты непрацяглы час паспеў стаць своеасаблівым сімвалам гуманнасці, спагады і клопату пра бліжніх. Ён па сутнасці з’яўляецца лагічным працягам акцыі «Нашы дзеці». Такім чынам перадаецца эстафета дабра, аб’ядноўваюцца пакаленні.

Дабрачынны марафон для пажылых грамадзян пройдзе з 23 снежня па 14 студзеня ўключна. Павіншаваць іх з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым прыйдуць, у тым ліку ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, не толькі кіраўнікі дзяржаўных органаў, устаноў і прадпрыемстваў, але і моладзь, дзеці. Сустрэчы будуць суправаджацца чаяпіццямі, святочнымі праграмамі, валанцёрскай дапамогай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.