Брагінчане ў рамках Рэчыцкай лігі па міні-футболе перамаглі мясцовы лясгас з лікам 8:4

Грамадства Спорт

Брагінчане згулялі чарговы матч у рамках Рэчыцкай лігі па міні-футболе. Сапернікам землякоў стала мясцовая каманда лясгаса.

Спачатку нашы спартсмены перахапілі ініцыятыву, выкарыстоўвалі стратэгію пазіцыйнага нападу і выдатна кантралявалі мяч. Асабліва варта адзначыць уклад маладых футбалістаў, якія паказалі добрую гульню, забяспечыўшы камандзе ўпэўненае лідарства. Да канца першага тайма брагінчане вялі з лікам 3:0. Аднак за некалькі хвілін да завяршэння Рэчыцкі лясгас рэалізаваў контратаку і адыграў адзін мяч.

У другім тайме землякі ўзмацнілі ціск на вароты саперніка, што прывяло да каскаду галоў. У выніку серыі паспяховых нападаў лік дасягнуў 8:1. Здавалася, што зыход матча вызначаны. Аднак менавіта ў гэты момант у нашай каманды адбыўся спад канцэнтрацыі. Як вынік – шэраг тактычных памылак і зніжэнне інтэнсіўнасці ў абароне, што дазволіла Рэчыцкаму лясгасу рэалізаваць некалькі нападаў і скараціць разрыў у ліку да 8:4.

Пасля матча варатар брагінчан Пётр Сачанка адзначыў прагрэс у тэхнічнай падрыхтоўцы гульцоў, паляпшэнне якасці перадач і павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння маладых спартсменаў на полі:

– Мы дэманструем станоўчую дынаміку, але для дасягнення стабільных вынікаў неабходна надаць асаблівую ўвагу падтрыманню канцэнтрацыі на працягу ўсяго матча і мінімізаваць тактычныя памылкі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.