
Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў Брагіне – гэта ўтульныя групы, яркія малюнкі на сценах, дзіцячыя галасы. А ў чацвер кожны, хто пераступае парог, акунаецца ў свет беларускай мовы і культуры. Звыклае «Здравствуйте» саступае месца меладычнаму «Добрай раніцы!».
У цэнтры функцыянуе шэсць груп, і кожны чацвер для іх – тэматычны. Сумаваць не даводзіцца: дзеці даследуюць багацце беларускай спадчыны, накіроўваюцца ў займальнае падарожжа, поўнае адкрыццяў і новых уражанняў.
У старэйшай групе сёння вывучалі архітэктуру Беларусі.
– Дзяцей зачаравала прыгажосць Палаца Румянцавых і Паскевічаў, – расказвае выхавальніца Лілія Малочка.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю разглядалі фотаздымкі, знаёміліся з гісторыяй гэтага знакавага месца.
Вывучэнне архітэктуры не абмяжоўваецца простым разглядам малюнкаў. Дзеці пагружаюцца ў свет творчасці, збіраюць пазлы з выявамі архітэктурных шэдэўраў.

А ў сярэдняй групе панавала атмасфера гастранамічнага свята. Тут дзяліліся кулінарнымі сакрэтамі, якія перадаюцца ад бабулі да ўнучкі. Выхавальніца Вольга Русак з усмешкай кажа, што дзеці зараз могуць з упэўненасцю адрозніць дранікі ад клёцак і ведаюць, з чаго гатуюць мачанку. Дзень быў прысвечаны вывучэнню беларускіх прадуктаў, страў і традыцый, звязаных з нацыянальнай кухняй. Яны гулялі, вучылі новыя словы, разгадвалі загадкі, спрабуючы запомніць назвы гародніны і садавіны на роднай мове, – усё дзеля таго, каб лепш засвоіць матэрыял.
У рознаўзроставай групе №1 вырашылі прысвяціць дзень вывучэнню роднага краю.
– Мы ўзгадалі славутасці нашага раёна, – тлумачыць выхавальніца Анастасія Акуленка.
Пазлы з мясцовымі аб’ектамі, па яе словах, асабліва падабаюцца дзецям. Відаць, пазнаваць знаёмыя месцы на малюнках і збіраць іх разам – занятак цікавы. Ён выклікае цёплыя пачуцці.

А ў рознаўзроставай групе №2 будучыя спартсмены і балельшчыкі знаёміліся з відамі спорту.
– Пасля размовы пра Дар’ю Домрачаву, Максіма Мірнага, Антона Кушніра ў дзяцей літаральна загарэліся вочы, – падзялілася выхавальніца Ганна Бельчанка.
Пасля пазнавальнай гутаркі пачалася творчая праца. Дзеці з захапленнем ляпілі лыжы з пластыліну. Вядома, не абышлося без пазлаў на зімовую спартыўную тэматыку, якія дапамаглі замацаваць атрыманыя веды і проста весела правесці час.
Чацвер у цэнтры – больш, чым проста дзень беларускай мовы. Гэта час, калі дзеці далучаюцца да сваіх каранёў, адчуваюць прыгажосць роднай культуры, пачынаюць разумець каштоўнасць сваёй спадчыны і ганарыцца гісторыяй. І ўсё – у атмасферы гульні, творчасці і радасці, дзе кожны адчувае сябе часткай вялікай і дружнай беларускай сям’і.







