
У суровыя зімовыя месяцы, калі зямлю пакрывае снег, а слупок тэрмометра паўзе ўніз, для дзікіх жывёл надыходзяць цяжкія часы. Знайсці сабе ежу ў гэты перыяд становіцца выпрабаваннем, асабліва для капытных. На дапамогу лясным жыхарам прыходзяць работнікі Брагінскага ўчастка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, якія накрываюць для іх «багаты стол» у заснежаным лесе.
Як расказаў намеснік дырэктара ПДРЭЗ Васіль Андрэенка, галоўная праблема для прадстаўнікоў фаўны зімой – не столькі мароз, колькі глыбокае снежнае покрыва.
– Алені і казулі проста не могуць дакапацца да зямлі, каб падсілкавацца бруснічнікам ці травой, – тлумачыць ён. – У такіх умовах рацыён жывёл зводзіцца да кары дрэў і галінак, а сакавітыя чарніцы застаюцца недаступнымі пад тоўшчай снегу. Калі ласі і алені яшчэ могуць неяк прабіцца да запаветных ягад, то для казуль гэта становіцца практычна невыканальнай задачай.
Менавіта таму з надыходам халадоў егеры прывозяць свежыя кармы ў спецыяльна абсталяваныя кармушкі, каб падтрымаць лясных насельнікаў. Гэтыя кармушкі, дарэчы, супрацоўнікі запаведніка робяць самі.
– У падрыхтоўчы перыяд да зімовай падкормкі запасаемся сенам і аўсом, – расказаў Васіль Андрэенка. – Абавязковым элементам з’яўляецца соль, якую выкладваем круглы год.
Сена для жывёл нарыхтоўваецца на тэрыторыі запаведніка, а соль і астатняе – закупляецца.

Размяшчаюцца падкормачныя пляцоўкі ў тых месцах, дзе часцей за ўсё можна сустрэць жывёл. Такія кропкі з’яўляюцца на лясной карце на аснове назіранняў работнікаў запаведніка, якія вывучаюць месцы групавання звяроў. Падкормка ажыццяўляецца і на эксперыментальна-гаспадарчай тэрыторыі. Егеры падсыпаюць корм некалькі разоў на тыдзень, у залежнасці ад патрэб.
У запаведніку вядзецца строгі ўлік дзікіх жывёл. Для гэтага ўстаноўлены спецыяльныя вышкі, а таксама выкарыстоўваюцца сучасныя фотапасткі. Атрыманыя дадзеныя дапамагаюць адсочваць колькасць папуляцый і ацэньваць эфектыўнасць мер па іх падтрымцы.
Акрамя відавочнай дапамогі ў забеспячэнні ежай, сістэматычная падкормка робіць лясных насельнікаў больш устойлівымі да захворванняў.

Цікава, што ў розных відаў жывёл існуюць свае перавагі не толькі ў густах, але і ў часе харчавання. Алені, напрыклад, адрозніваюцца асаблівай асцярожнасцю. Убачыць іх каля кармушак – вялікая ўдача. Звычайна яны выходзяць на вячэру ў змярканні, вядуць начны лад жыцця. Казулі ж, наадварот, могуць сілкавацца на працягу дня.
– Варта адзначыць, што падкормка не замяняе натуральную кармавую базу і не перашкаджае прыродным інстынктам жывёл. Галоўная задача – дапамагчы ім перажыць цяжкія часы і не пазбаўляць іх здольнасці самастойна здабываць сабе ежу ў спрыяльныя перыяды, – адзначае Васіль Андрэенка.


