
На Гомельшчыне падвялі вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У скарбонку раёна вучні гімназіі г. п. Брагіна дадалі два дыпломы трэцяй ступені. 11-класніца Ангеліна Махнач вызначылася ў біялогіі, а 10-класнік Вадзім Шульга – у геаграфіі. Цікава, што такі ж вынік у абодвух быў і ў мінулым годзе.
Ангеліна расказала, што да ўдзелу ў алімпіядзе рыхтуецца з сёмага класа. Яе падтрымлівае і накіроўвае настаўніцы хіміі і біялогіі Наталля Іванаўна Тарасевіч, якая дапамагае сваёй вучаніцы раскрыць талент і дасягнуць высокіх вынікаў.
– Хваляванне ў дзень алімпіяды, вядома, прысутнічала, – падзялілася Ангеліна. – Заданні былі падзеленыя на два блокі: тэарэтычны і практычны. Калі я ўбачыла іх, то спачатку разгубілася. Але мне ўдалося сабрацца з думкамі, справіцца і заваяваць трэцяе месца, таму вынікам я задаволена.
У планах – стаць студэнткай БНТУ.
А вось Вадзім Шульга марыць паступіць у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.А. Сухога. Цікавасць да геаграфіі ўзнікла ў яго яшчэ ў шостым класе, калі маці прапанавала паўдзельнічаць у алімпіядзе. Дарэчы, яна – Наталля Мікалаеўна Шульга – працуе настаўніцай геаграфіі ў Малейкаўскай сярэдняй школе. Таму, акрамя дадатковых заняткаў у гімназіі з Сяргеем Уладзіміравічам Паплаўным, Вадзім займаецца і дома.
Сёлета юнаку да другога месца не хапіла ўсяго аднаго бала, што яшчэ больш матывуе яго паглыбляць веды.
– Я заўсёды стараюся захоўваць спакой і канцэнтрацыю. Так было і падчас алімпіяды, – расказаў Вадзім. – Праходзіў ўсе тры туры: тэарэтычны, мультымедыйны і практычны. Калі ў першым трэба нешта апісаць, у другім – прайсці тэставую частку, то ў трэцім – прааналізаваць графікі і карты. Тут, акрамя ведаў, вялікую ролю яшчэ адыгрываюць логіка і аналітыка. Каб мець поспех на алімпіядах, варта быць усебакова развітым.
Усяго ад гімназіі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды ўдзельнічалі восем чалавек. І нават для тых, хто не заняў прызавыя месцы, гэта каштоўны вопыт. Яны зразумелі, над чым трэба працаваць далей.

9-класніца Юлія Шаўлоўская сур’ёзна займаецца англійскай мовай з сёмага класа і сёлета вырашыла паспрабаваць свае сілы за 10 клас. А гэта – тры блокі заданняў: лексіка-граматычны, аўдзіраванне і вуснае маўленне.
– Самымі складанымі для мяне сталі два апошнія. Хоць я і шмат займалася, у тым ліку самастойна, цяжкасці ўзніклі. У наступным годзе планую ўдзельнічаць у алімпіядзе зноў, таму гэты вопыт для мяне карысны, – тлумачыць Юлія.
З выбарам прафесіі дзяўчына яшчэ не вызначылася, але яна ўпэўнена, што яна будзе звязана з англійскай мовай.
Мікіта Астапенка, які вучыцца ў 11 класе, таксама спрабаваў свае сілы ў англійскай мове. Заданні былі складаныя, але ён не хваляваўся. Хлопец плануе паступаць у БДУ. Ён, дарэчы, бронзавы прызёр Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі «Пошук» па англійскай мове.
10-класнік Аляксей Аніськоў прадстаўляў гімназію на алімпіядзе па матэматыцы. Выбраў гэты прадмет, бо ён яму падабаецца і лёгка даецца. У 5 класе Аляксей стаў прызёрам абласной алімпіяды. Заданні былі, па словах вучня, няпростыя.
– Нягледзячы на тое што кожны год колькасць удзельнікаў прыкладна аднолькавая, канкурэнцыя вялікая. Сёлета, напрыклад, спаборнічалі 34 чалавекі, – расказаў юнак.
Яшчэ адзін гімназіст, які таксама ўдзельчаў у алімпіядзе па матэматыцы, – васьмікласнік Раман Акуленка. Прадмет яму падабаецца. Займаецца ім паглыблена з 5 класа.
– Удзел у спаборніцтвах такога ўзроўню – мой першы вопыт. Заданні, на мой погляд, былі нескладаныя, але цяжкасці ўзніклі з геаметрыяй. Над прабеламі будзем працаваць разам з настаўнікам. Каб паказаць свае сілы, у мяне ёсць яшчэ тры гады, – зазначае Раман.
9-класніца Марыя Сушчанка дэманстравала свае веды па рускай мове і літаратуры. Заданні былі як тэарэтычныя, так і практычныя.
– На першым этапе трэба было напісаць водгук на верш, што далося лёгка. Цяжкасці ўзніклі з заданнямі другога блока. Тут я дапусціла некалькі памылак, што і паўплывала на вынік, – расказала дзяўчына.
Анастасія Яшчанка прадстаўляла гімназію на алімпіядзе па біялогіі. Яна вучаніца 11 класа.
– З будучай прафесіяй я яшчэ не вызначылася, але біялогія мне дакладна спатрэбіцца, – падзялілася дзяўчына.
Мы віншуем Ангеліну Махнач і Вадзіма Шульгу з высокімі вынікамі і жадаем ім новых поспехаў, а астатнім удзельнікам алімпіяды – не спыняцца на дасягнутым. Да поспеху, як вядома, вядуць, прага да ведаў, руплівая праца і мэтанакіраванасць.

