На Брагіншчыне завяршыўся раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым мнагабор’і «Абаронца Айчыны» – хто ў лідарах

Грамадства Спорт

Змаганні прайшлі на базе Брагінскай сярэдняй школы і сабралі 67 юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту. Маладыя людзі прадэманстравалі сілу, спрыт і цягавітасць.

Удзельнікі спаборнічалі ў некалькіх узроставых катэгорыях. У малодшай групе, якая аб’яднала юнакоў 15–16 гадоў, пальму першынства заваяваў Сяргей Чарняеў (Іялчанская СШ). Сярэбраны медаль прымерыў Аляксей Аніськоў (гімназія г.п. Брагіна), бронзу заваяваў Іван Шамела (Іялчанская СШ).

У старэйшай групе, дзе выступалі юнакі 17–18 гадоў, лепшым стаў Максім Буйневіч (Камарынская СШ ім. П.І. Шпетнага). Другое месца заняў Арцём Фралоў (Малейкаўская СШ), а тройку прызёраў замкнуў Данііл Даўжанок (гімназія г.п. Брагіна).

У камандным заліку перамогу святкавала Іялчанская школа, другое месца заняла Камарынская, трэцяе – гімназіі г.п. Брагіна.

Сярод ганаровых гасцей спаборніцтваў – начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Ігар Старасценка і намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Брыцько. Дзякуючы іх спонсарскай дапамогі, юнакі атрымалі каштоўныя падарункі.

Пераможцы і прызёры прадставяць раён на абласным этапе спаборніцтваў, які пройдзе ў Гомелі 17 і 18 лютага.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.