
Для адных выбар прафесіі – вынік доўгіх роздумаў, для другіх – працяг сямейнай гісторыі. Маладая настаўніца англійскай мовы Брагінскай сярэдняй школы Валерыя Кандрашэўская прызнаецца: яна не планавала ісці па слядах маці, але педагогіка сама знайшла яе.
Валерыя – ураджэнка Брагіна. Яе шлях у прафесію пачаўся ў сценах роднай гімназіі, дзе любоў да замежнай мовы прывіла педагог Наталля Пятроўская.
– Яна вучыла нас не проста папаўняць слоўнікавы запас і перакладаць, а развівала ўяўленне, уменне выразна фармуляваць думкі. Гэты прыклад стаў для мяне арыенцірам, – кажа малады спецыяліст.
За плячыма ў Валерыі – навучанне ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Сталіца падарыла ёй верных сяброў і бясцэнны вопыт. А мэтавае накіраванне абумовіла маршрут: атрымаўшы дыплом, дзяўчына вярнулася ў родны Брагін.
Маці Валерыі, Надзея Валер’еўна, таксама працуе ў Брагінскай школе. Яна настаўніца пачатковых класаў, і яе прыклад дазволіў усвядоміць Валерыі: педагогіка патрабуе не толькі ведаў, але і цярпення.
Першыя крокі ў школе былі хвалюючыя, але падтрымка калег дапамагла маладому спецыялісту хутка асвоіцца. Нядаўняй радаснай падзеяй для Валерыі стала атрыманне ўласнага жылля – гэта дадало ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Як заўважае зямлячка, сённяшняе пакаленне дзяцей – асаблівае. Яны смелыя ў эксперыментах, адкрытыя для новага і хутка знаходзяць рашэнні ў лічбавай прасторы. Каб утрымаць іх увагу, настаўніца выкарыстоўвае сучасныя методыкі: анлайн-платформы, інтэрактыўныя прэзентацыі і гульнявыя формы навучання.
У аснове яе методыкі ляжыць сістэма «50/50». Першая палова ўрока адведзена вывучэнню граматыкі і пашырэнню слоўнікавага запасу, другая – дыялогам, гульням і практыцы.
Ужо ў першы год працы Валерыя пачала рыхтаваць вучняў да алімпіяд. Пяцікласнікі праявілі цікавасць да моўных змаганняў, і ў планах у іх – сур’ёзная праца на будучы год.
Нягледзячы на шчыльны графік, настаўніца знаходзіць час для сябе. У дзяцінстве яна займалася харэаграфіяй, і сёння з цеплынёй успамінае сваіх педагогаў – Алену Цярэшчанку і Таццяну Чырык. Прага да творчасці дапамагае ёй і ў выкладанні. У вольны час любіць глядзець фільмы на мове арыгіналу, а выхадныя праводзіць у асяроддзі блізкіх.
Захапленне замежнымі мовамі (акрамя англійскай, вывучае іспанскую) адкрывае перад маладой брагінчанкай свет вялікіх падарожжаў. Мара настаўніцы – вандраваць, знаёміцца з культурамі розных краін. І першай у яе спісе стаіць сонечная Іспанія.
Валерыя Кандрашэўская ўпэўнена: педагогіка – жывы працэс, дзе заўсёды ёсць месца для прафесійнага росту і новых адкрыццяў.

