Знайшоў прызнанне не толькі ў Беларусі. Чытайце пра жыццё, працу і навуковую спадчыну Міхаіла Паўлючэнкі з вёскі Глухавічы

Грамадства

Вёска Глухавічы, выселеная пасля аварыі на ЧАЭС, – малая радзіма беларускага фізікахіміка, доктара хімічных навук, прафесара Міхаіла Паўлючэнкі. Нарадзіўся ён тут 17 сакавіка 1909 года ў сялянскай сям’і. І праз усё жыццё пранёс любоў да ўпартай працы, якую прывілі яму бацькі.

Пасля заканчэння Бабчынскай сярэдняй школы з педагагічным ухілам пачаў працаваць настаўнікам хіміі. Але імкненне атрымаць больш глыбокія веды ў галіне прыродазнаўчых навук прывялі да думкі аб вышэйшай адукацыі. У 1929 годзе Міхаіл Паўлючэнка паступіў на хімічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе пад уплывам выдатных акадэмікаў уключыўся ў навукова-даследчую працу. А пасля яго заканчэння прыехаў у Мінск, каб развіваць беларускую хімічную навуку.

З 1934 года – у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Спачатку працаваў асістэнтам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі, паступіў у аспірантуру Інстытута хіміі АН БССР. Для выканання складаных эксперыментальных даследаванняў быў камандзіраваны ў Ленінград у Дзяржаўны аптычны інстытут, дзе паспяхова абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата хімічных навук.

У 1938 годзе Міхаіл Міхайлавіч стаў загадчыкам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі БДУ, якой кіраваў да 1966-га. Паколькі ў тыя часы ў рэспубліцы была развіта смалакурная прамысловасць, праявіў вялікую цікавасць да вывучэння смаляных кіслот і іх соляў.

Падчас Вялікай Айчыннай узначальваў навукова-даследчую лабараторыю, у якой вырашаліся пытанні ўмацавання абараназдольнасці краіны. На працягу некалькіх гадоў пасляваеннага аднаўлення кіраваў хімфакам БДУ. Шырокімі потым былі яго даследаванні ў галіне кінетыкі гетэрагенных рэакцый, якія працякаюць з удзелам цвёрдых цел. Паспяхова абараніў па гэтай тэме доктарскую дысертацыю.

Вялікую ўвагу вучоны ўдзяляў развіццю хімічнай навукі і прамысловасці Беларусі. Менавіта па яго ініцыятыве ў студзені 1959 года ў складзе Акадэміі навук БССР быў створаны Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, дырэктарам якога ён быў да 1966 года. З яго непасрэдным удзелам вырашаліся навуковыя і тэхнічныя праблемы перапрацоўкі салігорскіх сільвінітаў.

Адначасова ў БДУ на кафедры фізічнай хіміі і ў спецыялізаванай радыехімічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлючэнкі праводзіліся даследаванні, у выніку якіх удалося ў дзясяткі разоў павысіць зносаўстойлівасць сталі і чыгуну.

Поспех мелі і фундаментальныя даследаванні па ўстанаўленні механізму акіслення цэлюлозы аксідамі азоту з мэтай атрымання новых матэрыялаў, якія маюць важнае народнагаспадарчае значэнне.

Навуковая спадчына Міхаіла Паўлючэнкі вялікая і разнастайная як па шырыні ахопу праблем, што вывучаліся, так і па колькасці публікацый. Ён аўтар каля 450 прац, сярод якіх тры манаграфіі і шэраг навукова-тэматычных зборнікаў. Заслужанае прызнанне атрымаў наш зямляк не толькі ў роднай краіне, але і за мяжой. Так, у 1956 годзе стаў членам-карэспандэнтам, а ў 1959-м – акадэмікам АН БССР. Неаднаразова прымаў удзел у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах. Чытаў лекцыі ў Венгерскай акадэміі навук. Яго імя занесена ў даведнік «Вучоныя свету».

За выдатныя дасягненні Міхаіл Паўлючэнка ўзнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу», шматлікімі граматамі, сярод якіх чатыры – Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У снежні 1972 года атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

Навукова-даследчую працу заўсёды спалучаў з шырокай педагагічнай і грамадска-арганізацыйнай дзейнасцю. Падрыхтаваў 3 дактары і 40 кандыдатаў хімічных навук.

Пайшоў з жыцця знакаміты ўраджэнец Брагіншчыны 24 сакавіка 1975 года.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.