ДЗЕЦІ – НЕ ЦАЦКІ

Грамадства

ад якіх можна пазбавіцца


З уступленнем у сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” з’явілася ва ўжытку і гэтае словазлучэнне – абавязаныя асобы. Так сталі называць бацькоў, якім па ўсёй строгасці закона нагадалі, што ў іх ёсць дзеці. Шэраг прадпрыемстваў прыняў на перавыхаванне працай “кадраў”, ад якіх наўрад ці ў захапленні і кіраўнікі, і вытворцы. Але практыка паказала, што прымаемыя меры ўсё-такі не безвыніковыя: за перыяд дзеяння дакумента да сваіх бацькоў у нашым раёне вярнуліся 19 дзяцей.


Аб тым, наколькі эфектыўныя рычагі ўздзеяння на нядбайных і як кампенсуюцца расходы за знаходжанне іх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні, на гэты раз абмяркоўвалі на базе КСУП “Брагінскі”, дзе адбылося чарговае выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта №18. Шанц перайначыць сваё жыццё тут атрымалі пяць чалавек.


Агульная запазычанасць гэтых асоб перад дзяржавай перавышае 50 мільёнаў. Але заробкі, вядома, не супаставімыя з даўгамі. Ёсць і выпадкі прагулаў. Стаўленне да праблемы дырэктара сельгаспрадпрыемства А.І. Хадаска адназначнае: хочаш атрымліваць больш – працуй адпаведна, дарэмных грошай не бывае. Перавесці з паляводства ў жывёлагадоўлю, дзе аплата працы вышэйшая, — не праблема.  Але з гэтым мяжуе і адказнасць.  Ненадзейнаму, амаральнаму  “элементу”  такі ўчастак не даверыць ні адзін кіраўнік. Іншая справа, калі чалавек сапраўды бярэцца за розум. Як, напрыклад, жанчына, якой плануюць вярнуць бацькоўскія правы: атрымаўшы стымул да змен свайго жыцця, завязала са спіртным, праблем з працоўнай дысцыплінай няма. Вернецца дамоў дзіця – пазбавіцца і ад выплаты запазычанасці.


А вось з грамадзянкай, на рахунку якой з пачатку года па 15 снежня налічваецца 81 прагул, і ўсе – на глебе злоўжывання моцнымі напоямі, размова была асобная. Калі на працягу двух тыдняў не апамятаецца – дарога ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Іншыя меры ўздзеяння на асоб, якія ўжо страцілі сацыяльныя і маральныя арыенціры, наўрад ці акажуцца эфектыўнымі.


Кожны дарослы чалавек павінен несці адказнасць за свае ўчынкі, тым больш – бацькі. Дзеці – не цацкі, ад якіх можна адмовіцца ці пазбавіцца.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *