НЕ ГАЛІВУДАМ АДЗІНЫМ

Праздники и будни

Кіно ў параўнанні з тысячагадовай гісторыяй музыкі, жывапісу і тэатра з’яўляецца даволі маладым відам мастацтва. Але гэта ніколькі не перашкаджае заставацца яму самым масавым на працягу некалькіх дзесяткаў год, зачароўваць і здзіўляць, прымушаць радавацца і суперажываць, напаўняць жыццё самымі рознымі фарбамі.


У  беларускага  кіно,  дарэчы,  заўтра —  85-гадовы юбілей.


У далёкім 1907-м на беразе Іртыша, у трох сотнях кіламетраў ад Омска, стаяў малады чалавек дваццаці двух год — ураджэнец Полацка. За сваю кароткую біяграфію ён паспеў павучыцца на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, прыняць удзел у студэнцкіх хваляваннях у Варшаве, адсядзець год у тамтэйшай цытадэлі і быць сасланым у Сібір. Звалі яго Юрый Віктаравіч Аляксееў. Але сібірскі горад Тара дасць яму новае прозвішча – Тарыч. Толькі тады ні сам гэты малады чалавек, ні яго знаёмыя нават у думках не дапускалі, што праз два дзесяткі год ён стане адным з заснавальнікаў беларускага кінематографа, а яго кінастужка “Лясная быль” па аповесці Міхася Чарота — першым айчынным мастацкім фільмам.



Так непрыкметна мінулі гады, дзесяцігоддзі, але такімі ж роднымі, блізкімі, зразумелымі  засталіся многія вядомыя карціны беларускіх рэжысёраў: “Альпійская балада”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Міколка-паравоз”, “Белыя росы”, “Сыны ідуць у бой”…. І сёння мы ўжо з’яўляемся сведкамі прадаўжэння лепшых традыцый сучаснікамі.


Толькі ў бягучы юбілейны год  на шырокім экране брагінчане мелі магчымасць  паглядзець такія прэм’ерныя стужкі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, як “Снайпер. Зброя адплаты” Аляксандра Яфрэмава, “Кадэт” Віталя Дудзіна, “Дняпроўскі рубеж” Дзяніса Скварцова, “Інсайт” Алёны Калюновай. Кожная стала  даступнай гледачам дзякуючы людзям, праца якіх з’яўляецца своеасаблівым мосцікам паміж вынікамі дзейнасці кінавытворцаў і масавай аўдыторыяй. Я маю на ўвазе калектыў ККУП “Брагінкінавідэасетка”. І кола іх клопатаў, дарэчы, толькі дэманстрацыяй мастацкіх стужак не абмяжоўваецца.



Кінавідэаабслугоўванне сёння  – гэта яшчэ і сумесная з іншымі зацікаўленымі структурамі работа па арганізацыі тэматычных мерапрыемстваў, нагляднае ўздзеянне на розум і сэрцы падрастаючага пакалення шляхам прапаганды здаровага ладу жыцця, правілаў бяспекі. Гэта здымкі дакументальных стужак, прысвечаных прафесійным святам, юбілейным і іншым памятным датам, у аснову якіх кладуцца цікавыя падзеі і факты з жыцця Брагіншчыны, поспехі і працоўныя дасягненні яе жыхароў. Ёсць жаданне прадоўжыць пачатае ў юбілейны год: правядзенне нейкіх цікавых конкурсаў сярод гледачоў. Без увагі не павінны заставацца і самыя  маленькія – аматары  мультфільмаў.


Іншымі словамі, наша кінамастацтва – і вялікая выхаваўчая сіла, і лепшыя традыцыі, і цудоўны адпачынак.  Таму далучайцеся да яго, ацэньвайце рэжысёрскую і акцёрскую работу, абагачайцеся духоўна як мага часцей.  Новых вам цікавых і запамінальных сустрэч з айчынным кінематографам!


17 снежня 1924 года Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову “Аб кінавытворчасці ў Беларусі”. Гэта дата штогод адзначаецца як Дзень беларускага кіно.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *