РАЎНАДУШША СУПРАЦЬПАКАЗАНА

Грамадства

Апошняе ў мінулым годзе пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх у чарговы раз дало магчымасць адчуць усю важнасць клопатаў аб падрастаючым пакаленні. У полі зроку былі пытанні, звязаныя з прафілактыкай безнагляднасці і правапарушэнняў у дзіцячым асяроддзі і работай з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А цэнтрам увагі стала тэрыторыі Хракавіцкага сельскага Савета. Гаварылі аб поспехах, недахопах, праблемах – усім, што датычыла сумеснай дзейнасці  па абароне правоў дзяцей сельвыканкама, школы, дзіцячага садка, амбулаторыі участковага інспектара міліцыі.


Як паведамілі самі прадстаўнікі мясцовых структур, даная работа ўключае ў сябе шэраг самых розных мераў, падыходаў і мерапрыемстваў, накіраваных на аздараўленне праблемных  сем’яў, сцвярджэнне жыццёва важных каштоўнасцяў, папярэджанне небяспечных сацыяльных з’яў. І яна не зводзіцца да аднабаковага ўздзеяння. Сумесна накіроўваюцца ў сем’і, аналізуюць сітуацыю, вядуць прафілактычную работу. Як вынік – са спісу нядобранадзейных выкраслены дзве сям’і. Але адна на сёння знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — праблема не столькі ў сяброўстве са спіртным,  колькі ў адносінах да антысанітарных умоў пражывання як да нормы. Хваляванняў дабаўляе абыякавасць маці да афармлення сваёй дачкі ў дзіцячы сад. Ды агульнымі намаганнямі пытанне ўсё ж удалося зрушыць з месца: дзяўчынка нарэшце прайшла медыцынскую камісію і з наступнага тыдня пачне наведваць дашкольную ўстанову.


Удзел у пасяджэнні прыняў таксама пракурор раёна Сяргей Фёдаравіч Кулажанка, які прыступіў да сваіх абавязкаў нядаўна і пакуль што знаёміцца з сітуацыяй і становішчам спраў на Брагіншчыне. Галоўная думка яго выступлення – чужых дзяцей не бывае.  Таму вельмі важна своечасова выяўляць сацыяльна небяспечныя сем’і, не пакідаць сам-насам з праблемамі непаўналетніх. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.


Як прыкмеціла пры падвядзенні вынікаў старшыня камісіі Ганна Мікалаеўна Бабрынёва, раўнадушша дарослых у справе дзяржаўнай важнасці – злачыннасць у адносінах да дзяцей.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *