ВЫГАДА ПАВІННА БЫЦЬ УЗАЕМНАЯ

Сельское хозяйство

Як зацікавіць вяскоўца развіваць асабістыя падсобныя гаспадаркі, папоўніць рады фермераў, калі ў яго ёсць на тое жаданне, думаюць і на рэспубліканскім, і на раённым узроўні. Колькасць кароў на падворках сельскіх жыхароў змяншаецца, і ад гэтага нікуды не дзенешся. Адна з прычын — старэе насельніцтва, прывучанае працаваць дзеля таго, каб мець на стале ўласныя прадукты харчавання, як цяпер гавораць, экалагічна чыстыя. І хаця ў магазінах хапае і мясных, і малочных вырабаў, усё роўна аддаюць перавагу свайму, дамашняму. Праўда, гэта тыя, хто ў стане яшчэ трымаць карову, свіней, птушку. А такіх у сельскіх населеных пунктах засталося мала.


А чаму маладыя не бяруць з іх прыклад? Няўжо няма ў нашых вёсках тых, хто хацеў бы працаваць на зямлі, стаць заможным гаспадаром? Ёсць. Праўда, пакуль адзінкі. Ды не ў колькасці справа, а ў дзелавых якасцях гэтых людзей. Яны адукаваныя, працалюбівыя, у росквіце сіл. Кожны  варты таго, каб пра яго дзейнасць расказалі на старонках любога выдання. Што, дарэчы, і робіцца. На мой погляд, з цягам часу паслядоўнікаў у іх стане больш. Неабходна  шырэй прапагандаваць вопыт лепшых, каб іхнімі ідэямі прасякнуліся іншыя і « захварэлі» дамашняй гаспадаркай так, як яны.


Зараз спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ездзяць на сустрэчы з насельніцтвам, каб высветліць, што перашкаджае яму трымаць кароў, прадаваць малако, цялят. Нядаўна адна з іх адбылася ў в. Рыжкаве Мікуліцкага сельскага Савета. Прысутнічалі дырэктар КСУП імя Жукава Р.Р. Дзегцярэнка, старшыня сельвыканкама Ж. І. Шахніцкая, жыхары вёскі. Уся загвоздка ў тым, што малако, якое рэалізуюць уладальнікі кароў, на перапрацоўчым прадпрыемстве залічваецца ніжэйшай тлустасцю, чым яна ёсць на самай справе. Як паведаміла спецыяліст па закупках і якасці Н.М. Купрыенка, выйсце ёсць. Аналіз малака будзе праводзіць ветлабараторыя, каб можна было супаставіць атрыманыя ёю паказчыкі з дадзенымі ПУП «Палескія сыры» і даказаць сваю праўду. Неабходна толькі туды звярнуцца. Наталля Мікалаеўна падкрэсліла, што гэтым павінен заняцца сельскі Савет і трымаць вызначэнне тлустасці малака на кантролі. Другая яе прапанова датычылася выдзялення сена за здадзенае малако. Няхай і за грошы, але каб можна было яго набыць у мясцовай гаспадарцы. Дырэктар КСУП імя Жукава Р.Р. Дзегцярэнка згодны з такой пастаноўкай пытання.


Ці дапаможа гэта вырашыць праблему? Хацелася б спадзявацца. Я размаўляла з вяскоўцамі і паглядзела на сітуацыю іхнімі вачыма. У Рыжкаве, як сказалі ў сельскім Савеце, 27 кароў. Палова з іх  ацяліліся, гаспадары, як засведчыў малаказборшчык, малако здаюць. Да слова, пражывае тут 176 чалавек, з гэтай колькасці  дзяцей – 20.


У Конанаўшчыне такая ж колькасць насельніцтва (170 чалавек), затое дзетак больш (60). Кароў трымаюць усяго дзесяць грамадзян. Малако не здаюць. Яго ахвотна набываюць  тыя, у каго рагуль на падворку няма. Тут свая логіка. Чым нервавацца з-за тлустасці, лепш прадаць якаснае малако суседу, які не толькі грошы заплоціць, а і «дзякуй» скажа.


Ахвотнікаў мець не адну, а некалькі кароў, практычна не знайшлося. За выключэннем жанчыны, у якой іх тры. У Мікуліцкім сельскім Савеце яна такая адна…


У студзені—лютым у сельгаспрадпрыемствах пачынаюцца справаздачныя сходы. Пытанні развіцця асабістых гаспадарак, вядома, будуць вынесены на парадак  дня, прааналізуюць, што зроблена ў гэтым напрамку. Тады і высветліцца, ці ёсць паша для жывёлы прыватнага сектара, ці перазалужалася яна і калі, як выконваюцца заключаныя з вяскоўцамі дагаворы. Абмяркуюць і меры заахвочвання лепшых малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў. У кожнай гаспадарцы яны свае. Важную справу, якой з’яўляецца закуп, нельга пускаць на самацёк.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *