У ВЫСОКІХ ВЫТВОРЧЫХ ПАКАЗЧЫКАХ ЗАЦІКАЎЛЕНА НЕ ТОЛЬКІ ГАСПАДАРКА

Сельское хозяйство

Калектыў лепшай фермы надаіў  больш  тысячы тон  малака і  атрымаў  30-працэнтную надбаўку  да  заробку, а тэхніку-асемянатару,  акрамя натураплаты, выплацілі грашовую прэмію ў памеры 3 млн 800 тысяч рублёў.


Вынікі работы за 2009 год працаўнікі КСУП “Малажынскі” падвялі ў новым Цэнтры культуры і вольнага часу. Цудоўную ўстанову для адпачынку  атрымалі летась вяскоўцы, падзея для іх сапраўды значная. У мінулыя гады даводзілася для правядзення справаздачнага схода арандаваць памяшканні ў школе.  Вёска Малажын атрымала статус аграгарадка, а гэта ўжо абавязвае да многага.


Настрой у людзей быў святочны, сама атмасфера ў новай установе  культуры спрыяла гэтаму, гучала музыка, а за сцяной рыхтаваліся да выступлення артысты з Мінска. Павіншаваўшы землякоў з такім цудоўным і ўтульным набыткам, дырэктар КСУП “Малажынскі” М.Р. Рубаха пачаў справаздачны даклад. Мінулы год быў не самым спрыяльным. Далучэнне да іхняй, і без таго буйной гаспадаркі,  КСУП “Дублінскі” павялічыла на 3300 гектараў сельгасугоддзі ( з іх 50% — складаныя, меліяраваныя),  пагалоўе жывёлы, а разам з усім – і даўгі (150 млн – па рашэнні суда). Дасталося 238 млн кароткатэрміновых крэдытаў, з якімі неабходна было разлічыцца.  Розніца ў аплаце працы, у падыходзе да выканання сваіх абавязкаў сказалася адразу ж. Працэс аб’яднання праходзіў балюча,  нервова. І тым не менш прагнозныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі выканалі.


Мікалай Рыгоравіч адзначыў, што валавы збор зерневых і зернебабовых павялічылі на 790 тон (пры сярэдняй ураджайнасці 33,9 цнт/га),  атрымалі 1453 тоны зерня кукурузы, 421 – зернебабовых, уласных бялковых кармоў  назапасілі на  2010 тон больш. Выручка ад рэалізацыі пшаніцы склала 396 млн рублёў, прыбытак – 87 млн, прадалі 1032 тоны рапсу на 630 млн. І ўсё ж самую высокую рэнтабельнасць дала бульба. У гэтую культуру, як падкрэсліў дырэктар, неабходна рабіць укладанні: набыць бульбаўборачны камбайн, сартавальны стол.


Вытворчасць малака ўзрасла таксама, але ж паралельна з павелічэннем дойнага статка больш увагі патрэбна ўдзяляць якасці. Летась страты ад рэалізацыі малака выліліся ў суму 188 млн рублёў. Гаспадарка набыла тры халадзільнікі, што дазволіць палепшыць якасныя паказчыкі малака.


Не справіліся і з такім паказчыкам, як рэалізацыя мяса буйной рагатай жывёлы, а вось свініны – наадварот, узрасла на 30%. Выручка ад усёй атрыманай прадукцыі слала 8 млрд 805 млн рублёў. Калі перавесці ў долары, атрымаецца амаль тры мільёны. Такія сумы прайшлі праз банкаўскія рахункі.  Мікалай Рыгоравіч засяродзіў  увагу прысутных на  лічбе 1 млн долараў. Менавіта такая сума пайшла на заробак членам сельгаскааператыва.


Атрыманы прыбытак вымяраецца сумай 2 млрд 547,5 млн рублёў. Называючы падраздзяленні, якія ўнеслі найбольшы ўклад, М.Р. Рубаха выказаў падзяку калектыву Аляксееўскай фермы. У разліку на карову тут надаілі ў мінулым годзе па 5048 кілаграмаў малака, а ўсяго – 1067 тон. Каб вяскоўцы ўявілі, што хаваецца за гэтымі лічбамі, кіраўнік прыбегнуў да такога прыёму, як параўнанне. На тэрыторыі сельгаспрадпрыемства ёсць сіласная ёмістасць на тысячу тон, у якую і ўмясцілася б гэтае  малако. Для аплаты працы калектыву фермы будзе прыменены павышаючы каэфіцыент, не менш 30%. 
Калі гаварыў аб сумленных працаўніках,  рабіў гэта пераканаўча, каб і іншыя прасякнуліся пачуццём павагі да іх. Механізатар П. В. Бугаёў, напрыклад, на пагрузчыку ТО-25 працаваў амаль без перапынку. На рамонт у яго пайшло каля пяці працэнтаў рабочага часу, а ў некаторых  – да 76-ці працэнтаў.  І такіх многа.


На гаруча-змазачныя матэрыялы зрасходавалі 1 млрд 347,4 млн рублёў (дзесяць працэнтаў свайго бюджэту). Дзяржава сродкаў на гэта не выдзяляе, таму давядзецца эканоміць. Да слова, бюджэтныя асігнаванні паступова знікнуць, ужо цяпер даводзіцца купляць частку мінеральных угнаенняў за ўласны кошт.


Нарыхтоўку кармоў давялі да паўтарагадавога запасу, купілі “Ягуар”, каб і надалей павышаць іх якасць. А вось рамантаваць  і  рэканструяваць  давядзецца шмат, гэтага патрабуюць 25 драўляных жывёлагадоўчых памяшканняў, у якіх дзесяцігоддзе не  мяняліся дахі.


Прагнозны паказчык на гэты год даведзены сельгаспрадпрыемству ў памеры 118%. Не выйдуць на такі ўзровень – пазбавяцца дзяржпадтрымкі, якая выдзяляецца на кампенсацыю працэнтаў па крэдытах.
Галоўныя бухгалтар і эканаміст ахарактарызавалі фінансавае становішча гаспадаркі, расказалі, колькі грошай атрымана і куды яны пайшлі, колькі прадукцыі плануюць атрымаць сёлета. Яскравы малюнак вырысоўваўся па кожнай галіне і з выступленняў галоўнага ветурача і агранома.


У рабоце схода прымаў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок, які задаваў пытанне кожнаму спецыялісту, акцэнтуючы ўвагу на самым актуальным: эканоміі электраэнергіі, падвядзенні вынікаў работы за месяц на кожным вытворчым падраздзяленні з аналізам выканання прагнозных паказчыкаў, назапашванні арганікі, утылізацыі адыходаў.


У заключным слове Валянцін Валянцінавіч падкрэсліў ролю КСУП “Малажынскі” ў сістэме АПК раёна. Гэта найбуйнейшая і па пагалоўі, і па сельгасугоддзях гаспадарка, якая атрымала найбольшую выручку ад сельгаспрадукцыі за мінулы год, па многіх паказчык мае вышэйшы вынік, чым у сярэднім па раёне. Доля “Малажынскага” ў агульным аб’ёме рэалізаванага раёнам мяса – 30%. В.В. Хмелянок параўнаў вынікі работы сельгаспрадпрыемства з раённымі і рэспубліканскімі дасягненнямі, падкрэсліўшы, што падстаў ганарыцца імі нямала. Працуем не горш, чым суседзі. Указаў і на недахопы, у прыватнасці, на пралікі ва ўзнаўленні статка, дрэнную механізацыю працэсаў у жывёлагадоўлі.


Ад імя раённага выканаўчага камітэта ўручыў Ганаровыя граматы лепшым працаўнікам.


Затым настаў урачысты момант: падвядзенне ўмоў спаборніцтва і ўручэнне грашовых прэмій. Старшыня прафкама П.М. Пімінёнкава абвясціла, што згодна з умовамі спаборніцтва чатыры даяркі атрымаюць цяля вагой да 30 кілаграмаў,  тэхнік-асемянатар – вагой да 40 кілаграмаў. Грашовыя прэміі складалі ад ста тысяч да амаль чатырох мільёнаў рублёў (менавіта так ацаніла дырэкцыя ўклад лепшага асемянатара гаспадаркі, раёна).


І яшчэ адзін момант.  Больш, здаецца, нідзе не праводзяць на заслужаны адпачынак так цёпла, як у “Малажынскім”,  з абавязковым уручэннем каштоўнага падарунка, добрымі словамі і просьбай яшчэ папрацаваць на карысць сельгаспрадпрыемства. Не стала гэта выключэннем і сёлета.


А затым вяскоўцаў радавалі сваім майстэрствам артысты з Мінска.


Віншуем!!!



  • За шматгадовую добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага  камітэта ўзнагароджаны:

  • МАЛЬЧАНКА  Валянціна Іванаўна, галоўны бухгалтар КСУП “Малажынскі”;

  • КАЛЯСАН  Міхаіл Рыгоравіч, галоўны ветэрынарны ўрач КСУП “Малажынскі”;

  • ГАЛЯК  Аляксандр Адамавіч, механізатар КСУП “Малажынскі”.

Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *