ГАСПАДАРЫ НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ

Грамадства

Галіновая інфармацыная група аддзела культуры райвыканкама – жаданы госць у кожным калектыве. Звычайна ў сельскія населеныя пункты раёна члены гэтай  групы  выязджаюць разам з самадзейнымі артыстамі аўтаклуба, што робіць кожную сустрэчу з вясковымі жыхарамі карыснай і запамінальнай. Іх заўсёды чакаюць у надзеі не толькі вырашыць узнікшыя праблемы, але і паслухаць добрую песню. Так было і на гэты раз. Зала Сялецкага сельскага клуба была запоўнена людзьмі. Начальнік аддзела культуры райвыканкама Л.А. Пятніцкая прыехала сюды разам са старшынёй сельскага Савета К.М. Раманюк.


Тэма, якую планавалі абмеркаваць, датычылася выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Вяскоўцы ведаюць, што адбудуцца яны 25 красавіка, чулі і пра змяненні ў выбарчым заканадаўстве. А аб рабоце мясцовай улады людзі мяркуюць па тым, што зроблена. Няма прэтэнзій у іх да медыцынскіх і педагагічных работнікаў, але пажаданні і прапановы, як палепшыць жыццё ў вёсцы, ёсць. І першая – вырашыць пытанне з водазабеспячэннем.


Водаправод часта выходзіць са строю, насельніцтва застаецца без вады,  хаця плата за гэты від паслугі бярэцца. Ды і калодзежы далекавата.


Як растлумачыла Ксенія Міхайлаўна, будаўніцтва новага водаправода запланавана на гэты год. У Сяльцы пражываюць у асноўным пенсіянеры, а гэта людзі асаблівага складу. Пра ўсё мяркуюць з пункту гледжання дбайнага гаспадара, які тут, на гэтай зямлі, нарадзіўся і аддаў усе сілы дзеля працвітання гаспадаркі і свайго ўласнага дабрабыту.


Балюча глядзець ім на пустуючыя агароды каля асірацеўшых хацін. Іх бы, гэтыя соткі, засеяць, каб і зямля не пуставала, і быльнёг не рос у рост чалавека. Вясной і восенню ён можа ўспыхнуць ад неасцярожна кінутай запалкі, і тады бяды ў вёсцы не пазбегнуць. Хвалюе людзей і тое, як працуе вясковая ўстанова культуры.


Наспела кадравае пытанне, і  сяльчане раіліся з Л.А. Пятніцкай, як лепш наладзіць работу клуба, прапанавалі некалькі кандыдатур на пасаду загадчыцы.


А затым гучалі песні.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *