І ДЫПЛОМ, І ПРЫЗНАННЕ

Грамадства

Урачыстая цырымонія падвядзення вынікаў другога рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” прайшла другога сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь з удзелам прадстаўніцы  нашага раёна Л.П. Кузняцовай.


Праводзіцца ён з мэтай выяўлення і заахвочвання лепшых жанчын Рэспублікі Беларусь, якія дабіліся значных поспехаў у сваёй дзейнасці, пры інфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.


Званне “Жанчына года” прысвоена пераможцам конкурсу ў наступных намінацыях: “За лідэрства і паспяховае кіраўніцтва”, “За актыўную грамадскую дзейнасць”,  “За дасягненне ў выхаванні дзяцей”, “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства”, “За высокі прафесіяналізм”, “За вернасць і адданасць прафесіі”, “За ўклад у адраджэнне вёскі”, “За жаночую мужнасць”, “За дабрачыннасць і міласэрнасць”. Сёлета была ўведзена яшчэ адна: “За сілу духу і стойкасць характару”. Пераможцай стала Вольга Аксенцьеўна Андросік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Самай ганаровай пераможцы конкурсу – 94 гады. Яна пераканана, што праца і рукі – моцныя зарукі. Вольга Аксенцьеўна пражывае ў вёсцы Сакалова Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе жыццё – прыклад для сучаснікаў, увасабленне мужнасці, праяўленай у гады вайны.


Кандыдатуры для ўдзелу ў конкурсе былі прапанаваны раённымі, гарадскімі, абласнымі саветамі жанчын, а таксама юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Менавіта абласны савет накіраваў матэрыялы на канкурсантку ад нашага раёна Любоў Паўлаўну Кузняцову, загадчыцу аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыню раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Па рашэнні журы, яна стала адной з лепшых у намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць”  (усяго прызнаецца па тры канкурсанткі ў кожнай). Л.П. Кузняцова  адзначана дыпломам і каштоўным падарункам.


— Уражанні, прызнаецца Любоў Паўлаўна, незабыўныя. Калі паднімалася на сцэну і ўбачыла на вялізным экране свой партрэт,  пачула словы дыктара беларускага тэлебачання Аляксандра Сярэбранікава пра сябе і сваю дзейнасць, адчула пачуццё радасці. І не толькі за сябе, але і за свой край, тых, хто працуе побач і праслаўляе яго.


Цырымонія  ўшанавання  праходзіла ўрачыста і цёпла, з удзелам грамадскасці, журналістаў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”.
Калі ў мінулым годзе я пісала, што рэспубліканскі конкурс “Жанчына года” пройдзе з удзелам брагінчанак, і не ўяўляла, што яны не толькі будуць канкурсанткамі, але і трапяць у лік лепшых. Хочацца спадзявацца, што гэты добры пачатак стане традыцыяй, а на наступны год у адной з намінацый мы зноў убачым прозвішча прадстаўніцы нашага раёна. Няхай пра дасягненні і поспехі як мага большай колькасці цудоўных жанчын Брагіншчыны даведаюцца ў краіне і за яе межамі, бо дастойных у нас нямала. Як і добрых спраў на іх рахунку.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *