МАЙСТЭРСТВА, МУДРАСЦЬ, ПРЫГАЖОСЦЬ ДУШЫ

Грамадства

Хто сказаў, што жанчыны – слабая палова чалавецтва? Многія з іх могуць спалучаць у сабе якасці не толькі дбайнай гаспадыні, клапатлівай матулі, пяшчотнай жонкі, але і выдатна выконваць прафесійныя абавязкі. І пры гэтым заставацца абаяльнымі, добрымі і прывабнымі


Такіх жанчын у нашым раёне нямала. Адна з іх -Тамара Тарасаўна Філон, якая 37 гадоў свайго жыцця аддала сельскай гаспадарцы. Ад учотчыцы да галоўнага эканаміста – працоўны шлях жанчыны. Умела спалучала асноўныя абавязкі з прафсаюзным жыццём — з 1972 па 2005 гады была прафсаюзным лідарам. А колькі за гэты час добрых спраў зроблена! У тым, што менавіта з былога калгаса “Першамайск” больш усіх пераможцаў спаборніцтваў, заслуга і старшыні прафкама. Яна сачыла за тым, каб смачны каларыйны абед у час быў дастаўлены на палі, і за забеспячэннем спецвопраткай, і за тэхнікай бяспекі на вытворчасці… Усюды паспявала Тамара Тарасаўна. З падзякай успамінаюць яе работу вяскоўцы. Яна – цудоўны арганізатар, без яе ўдзелу не абыходзілася ні адно мерапрыемства, якое праходзіла на тэрыторыі сельскага Савета. Цікавымі і запамінальнымі былі “агеньчыкі”, прымеркаваныя да розных падзей, святаў: і ўрачыстыя провады на пенсію, і ранішнікі для дзяцей, і канцэрты. Традыцыйнымі сталі рэгістрацыі нованароджаных, якія суправаджаліся народнымі абрадамі. У 2001-м магла пайсці на пенсію, але яшчэ некаторы час працягвала прыносіць карысць гаспадарцы. Не ўяўляла сабе спакойнага жыцця.


Цяпер у  жанчыны  многа  вольнага  часу,  але не можа  былы прафсаюзны лідар  сядзець  без справы, не такі ў яе характар. Калі сёлета пасля рэканструкцыі адчыніла дзверы мясцовая ўстанова культуры, Тамара Тарасаўна стала ініцыятарам аднаўлення мастацкай самадзейнасці. І цяпер, як некалі ў маладосці, крочыць знаёмай сцяжынкай на сустрэчу з землякамі, такімі ж прыхільнікамі народнай песні. Сабраўшыся разам, успамінаюць, як некалі аб іх самадзейным калектыве ведалі не толькі ў раёне, слава ішла далёка за яго межамі. Часта з канцэртамі выязджалі да суседзяў, у іншыя вобласці, прымалі ўдзел у розных конкурсах, былі запрошаны і на рэспубліканскія “Дажынкі”. У гэтыя дні самадзейныя артысты актыўна заняты на рэпетыцыі – збіраюцца парадаваць сваім выступленнем   жыхароў Крыўчы.


З цеплынёй расказвае жанчына аб былым, спыняецца на падзеях, людзях, з якімі давялося працаваць. Пра сваё асабістае гаворыць больш сціпла, хаця аб сям’і Філонаў у вёсцы ідзе добрая слава. Гаспадар, Аляксандр Аляксандравіч,  усё жыццё працаваў вадзіцелем. Па бацькоўскай сцежцы пайшлі і два сыны, якія таксама засталіся ў роднай гаспадарцы. Ганарацца імі бацькі. Старэйшы, Сяргей, у мінулым годзе быў удзельнікам рэспубліканскіх “Дажынак”. У малодшага, Васіля, яшчэ ўсё наперадзе, у яго толькі пачынаецца працоўная біяграфія. Але ўжо цяпер з’яўляецца пераможцам спаборніцтва на адвозцы зерня сярод маладых вадзіцеляў раёна.


Даўно павырасталі дзеці, старэйшыя маюць свае сем’і. У бацькоўскай хаце застаўся толькі Васіль, які стараецца  дапамагчы  бацьку і маці. І цяпер трымаюць карову, здаюць дзяржаве малако. Як лічыць гаспадыня, пакуль дазваляе  здароўе,  карміцелька  павінна  быць  на  падворку.


Дякуючы такім, як працавітая сям’я Філонаў з Малажына, будзе жыць вёска і развівацца гаспадарка.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *