ПАПЯРЭДЗІЦЬ, ПЕРАКАНАЦЬ, ПЕРАСЦЕРАГЧЫ

Грамадства

З 22 па 28 лютага ў нашай рэспубліцы праводзілася акцыя пад дэвізам “Разам абаронім здароўе дзяцей і моладзі ад піва і слабаалкагольных напояў”. Не засталіся ў баку ад гэтай важнай кампаніі арганізацыі, установы, аб’яднанні нашага раёна. Асабліва тыя, якія працуюць з гэтай катэгорыяй: медыкі, настаўнікі, ГА “БРСМ”.


Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама С.І. Прыходзька ў час сустрэчы са школьнікамі стараўся данесці да іх свядомасці не толькі тое, што піва шкоднае для маладога арганізма, але і перасцерагчы ад адказнасці за ўжыванне яго ў грамадскіх месцах. На сёння ў Беларусі пражывае больш паўтара мільёна чалавек ва ўзросце 14-30 гадоў, што складае прыкладна 12% ад агульнай колькасці насельніцтва. Менавіта яны могуць у значнай ступені паўплываць на здароўе ўсёй нацыі, калі, вядома, будуць клапаціцца аб сваім  з маладых гадоў.


У апошні час медыкі ўсё часцей гавораць аб піўным алкагалізме, які пачынаецца з бяскрыўднай, на першы погляд, бутэлькі пеннага напою. У арганізме няма ні аднаго органа і тканкі, якія б не траплялі пад уздзеянне алкаголю. Сэрца хутчэй зношваецца, ныркі перастаюць выдзяляць з арганізма шкодныя прадукты жыццядзейнасці, клеткі печані гінуць, а яна зморшчваецца, страчвае сваю ахоўную функцыю. Вучоныя даказалі, што ад цырозу печані часцей паміраюць менавіта аматары піва. Але асабліва пакутуе нервовая сістэма: пагаршаецца памяць, прытупляецца ўвага.


Калі малады чалавек выпівае 3-4 разы ў месяц, гэта ўжо злоўжыванне, і вельмі сур’ёзнае. Пачынае піць часцей, няхай нават самыя слабыя напоі, гэта ўжо алкагольная залежнасць – хвароба, і яе, як усялякую іншую, лепш папярэдзіць, чым потым пакутаваць ад яе і лячыць.


Такія  шчырыя гутаркі са старшакласнікамі аб шкодзе алкаголю праводзяцца часта. У навучальныя ўстановы разам з С.І. Прыходзькам выязджаюць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх В.М. Ясінская (яна стараецца выступіць і на бацькоўскіх сходах), пракурор раёна. З дарослымі размова больш жорсткая: аб адказнасці бацькоў за выхаванне падлеткаў, іх паводзіны.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *