РАСЦЕ ВЫКАНАЎЧАЕ МАЙСТЭРСВА

Грамадства

З кожным годам расце колькасць удзельнікаў “Зорнай каруселі”, іх выканаўчае майстэрства. Чатыры гады назад начальнік аддзела культуры Л.А. Пятніцкая задумала фестываль як раённае мерапрыемства. З цягам часу ён значна пашырыў свае межы, да юных талентаў Брагіншчыны далучыліся спевакі і танцоры з тых раёнаў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёння ўжо можна гаварыць аб традыцыях правядзення дзіцячага музычнага форуму, яго аўтарытэце, прызнанні. І, вядома ж, прэстыжы.


Мэта яго высакародная: ствараць умовы для развіцця дзіцячай эстраднай творчасці ва ўстановах культуры і адукацыі, адшукваць  адораных дзяцей і развіваць іх талент. А заадно прапагандаваць беларускую эстраду, традыцыі нацыянальнай культуры, рыхтаваць дзяцей да ўдзелу ў конкурсных праграмах і фестывалях абласных, рэспубліканскіх і міжнародных узроўняў.


Брагінскі  глядач  заўсёды  вельмі цёпла  прымае  гасцей,  а  тым  больш такіх  шчырых   і  адкрытых,   як удзельнікі “Зорнай каруселі”. Атмасфера свята прысутнічала ў зале раённага Дома культуры і на гэты раз. Было шмат сардэчных усмешак і непрыхаванай радасці ад сустрэчы з сябрамі. Так, за гады выступленняў на адной сцэне завязаліся прыязныя адносіны, а ў членаў журы назвы некаторых населеных пунктаў, дарэчы, як і ў пастаянных гледачоў, асацыіруюцца з канкрэтнымі назвамі клубаў і культурных цэнтраў, імёнамі паспяхова выступіўшых у папярэднія гады калектываў і выканаўцаў. Можна меркаваць аб тым, што тут з дзецьмі займаюцца таленавітыя педагогі.


Дзіцячы музычны фестываль сучаснай эстрады “Зорная карусель” сёлета праходзіў, як ніколі, арганізавана і цікава, а праграмы, якія вынеслі на суд журы будучыя зоркі беларускай эстрады (не выключана і такое), вызначаліся разнастайнасцю, ідэйнай накіраванасцю і багатай фантазіяй.


Адкрыла яго намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва, а затым удзельнікі – іх было больш ста чалавек — дэманстравалі сваё майстэрства і здольнасці ў намінацыях, якія для сябе выбралі.


Па вопыту мінулых гадоў ведаю, што журы заўсёды прынцыпова падыходзіць да вызначэння лепшых. Дзеці, як ніхто іншы, адчуваюць несправядлівасць і фальш, таму ў дарослых, якім давялося выступаць у ролі суддзяў і прымаць рашэнне, права на памылку не было. Але ж агляд — конкурс прадугледжае выбар. Ён і быў зроблены.


Найлепшай канцэртнай праграмай (намінацыя “Залаты ключ”) была прызнана праграма ўдзельнікаў студыі эстраднай песні “Рэзананс” Веткаўскага раёна, якія і сталі пераможцамі.


Намінацыя “Сучасная эстрадная песня” (індывідуальныя выканаўцы):



  • першае месца – Кацярына Нікішкіна (Ветка);

  • другое месца – Анастасія Барсукова (Ветка) і Вераніка Махнавец (Хойнікі);

  • трэцяе месца – Ганна Чубіна (Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр Ельскага раёна) і Аляксандр Шрамаў (Калінкавічы).

Намінацыя “Сучасная эстрадная песня” (вакальныя групы):



  • трыа Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра.

Намінацыя “Сучасны эстрадны танец” (танцавальныя групы):



  • першае месца – выхаванцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў;

  • другое месца – прадстаўнікі Лоеўскага Дома дзіцячай творчасці;

  • трэцяе месца — гурткоўцы Брагінскага Дома дзіцячай творчасці.

У гэтай жа намінацыі сярод індывідуальных выканаўцаў першынство заваявалі прадстаўнікі студыі эстраднага танца “Калаж” з Рэчыцы.


Намінацыя “ Канферанс” для вядучых:



  • першае месца – Вікторыя Шадрына і Аляксандр Журомскі (Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр);

  • другое месца – Вікторыя Кацуба (гімназія г.п. Брагіна);

  • трэцяе месца – Ксенія  Пятніцкая і Андрэй Пянько (Брагінская дзіцячая школа мастацтваў).

“Каралём эстрады” прызнаны Алег Барсукоў з Веткі, а “Каралевай эстрады” – Любоў Каліева з Рэчыцы (Дом тэхніка нафтавікоў).


Прыз глядацкіх сімпатый уручаны самаму юнаму ўдзельніку фестывалю Уладзіміру Захараву (Брагінскі Дом дзіцячай творчасці). А вось прыз за лепшы касцюм атрымала Анжэла Філіпава з ужо знаёмага Зашырскага цэнтра. Ён узгадваўся ў гэтым артыкуле не адзін  раз.


Шаснаццаць каманд падалі заявы і прынялі ўдзел у аглядзе-конкурсе. На сцэне раённага Дома культуры выступілі прадстаўнікі Хойнік, Рэчыцы, Лоева, Калінкавіч, Веткі, Ельска, а таксама Брагіна і Камарына. Галоўны прыз – “Залаты ключ” – паехаў на гэты раз у Ветку, але ж надзея на тое, што ў наступным годзе ён застанецца ў Брагіне, не пакідае. Дарэчы, у 2007-м галоўнай узнагародай было адзначана выступленне  каманды Брагінскага Дома дзіцячай творчасці, якія перадалі яго потым рабятам з Веткі.


Н. СІНІЛАВА  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *