СВАЕ ПРАВЫ ТРЭБА ВЕДАЦЬ

Грамадства

Да словазлучэння  “выбарчая кампанія” мы  ўжо прывыклі. Многія не адзін раз падыходзілі да апламбаваных урнаў, каб укінуць туды бюлетэнь з прозвішчам таго або іншага кандыдата ў дэпутаты,  памылкова думаючы, што менавіта ў працэсе галасавання і заключаецца сутнасць гэтай важнай палітычнай  кампаніі. З поля зроку выпадаюць такія пытанні, як работа выбарчай камісіі. У чым яна заключаецца, хто туды ўваходзіць, якіх сродкаў каштуе выбарная дэмакратыя і дзяржаве, і грамадству.



Даць адказы на гэтыя і іншыя пытанні работнікі  цэнтральнай раённай бібліятэкі змаглі з дапамогай спецыяльнай выставы, якую падрыхтавалі напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання. На паліцах – Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, газеты, часопісы. Напрыклад, у штомесячным грамадска-палітычным  часопісе “Беларуская думка” за 2010 год чытачы знойдуць артыкулы “Право быть избранным”, “Любые выборы – это экзамен”, пазнаёмяцца з тэмай адзінага дня інфармавання насельніцтва ў сакавіку. А гучыць яна так: “Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў як фактар павышэння эфектыўнасці работы мясцовага кіравання і самакіравання”.


Калі вас цікавіць, колькі мясцовых Саветаў дэпутатаў, уключаючы сельскія і пасялковыя, налічваецца сёння ў Беларусі, зайдзіце ў бібліятэку. Старшыня Цэнтральнай камісіі  па   выбарах  і   правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанні журналістаў, растлумачыла, што ў рэспубліцы — 1495 мясцовых Саветаў. Столькі ж створана і тэрытарыяльных выбарчых камісій. Інтэрв’ю з ёй можна пачытаць у “Беларускай думцы” (№2 за люты 2010 года).


Як расказалі работнікі бібліятэкі, наведвальнікі не праходзяць міма выставы. Часцей іншых бяруць з полкі Выбарчы кодэкс. І не толькі будучыя юрысты, а і настаўнікі, пастаянныя чытачы.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *