ВЯСНОВЫ НАСТРОЙ ПРЫНЁС САКАВІК

Грамадства

У сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Пераможнік” стала добрай традыцыяй віншаваць жанчын са святам 8 Сакавіка на працоўным месцы. Разам з кветкамі яны атрымліваюць грашовыя прэміі ці падарункі і цудоўны настрой.


Поспех любой справы ў першую чаргу залежыць ад людзей, якім яна даручана, іх стараннасці, сумленнасці, ад іх прафесійных навыкаў. І сельскагаспадарчая галіна – не выключэнне. Наш раён, вядома, не мае вялікіх прадпрыемстваў, асноўная яго спецыялізацыя – вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Таму ў асаблівай пашане тут людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё працы на зямлі. Гэта іх умелымі рукамі вырошчваецца хлеб, надойваюцца  малочныя рэкі, дзяржава забяспечваецца мясам, іншай неабходнай прадукцыяй.



З гэтай галіной звязала сваё жыццё Тамара Аляксееўна Хлебіна. Здаецца, зусім нядаўна выпускніца Рэчыцкага зааветэрынарнага тэхнікума была накіравана ў “Пераможнік”, а ўжо прайшло 28 гадоў. Заўсёды адказная, шчырая, лёгка знаходзіць падыход да людзей. Магчыма, гэтыя якасці характару адзначылі вяскоўцы, калі выбіралі жанчыну дэпутатам у мясцовы Савет. Заслугамі ніколі не хвалілася. “Не ў іх шчасце, — лічыць Тамара Аляксееўна. –Жаночае шчасце, на мой погляд, — гэта калі ў сям’і лад, усе родныя здаровыя і калі цябе чакаюць дома”.


На жаль, менавіта на сям’ю ў жанчыны заставалася мала  часу.  Калі  ў  1982 годзе прыйшла на працу ў гаспадарку, на комплексе налічвалася 7 тысяч галоў жывёлы. Абавязкаў у брыгадзіра заўсёды хапала. Спалучала працу з выхаваннем  дачкі і  двух сыноў, якія з дзяцінства дапамагалі па гаспадарцы, таму і выраслі такімі ж працавітымі, як іх бацькі. Дачка таксама звязала  жыццё з жывёлагадоўляй. Яна – загадчыца фермы ў КСУП “Малажынскі”. Адзін з сыноў працуе механікам, а малодшы вырашыў стаць токарам, заканчвае вучобу ў Хойніцкім ПТВ.


Павырасталі дзеці, кожны выбраў сваю дарогу. Здаецца, за мітуснёй жыцця непрыкметна праходзіць час. На календары – сакавік. Вясною, як ніякім іншым часам, хочацца пазбавіцца ад горычы, тугі, адчаю… Усіх тых пачуццяў, якія прымушаюць маркоціцца, нервавацца, пакутаваць. Веснавым днём хочацца, каб настрой быў сонечным, таму што многае ў чалавечым жыцці залежыць ад стану душы. Калі душа радуецца, дык усё – у руку: спарней працуецца, лягчэй вырашаецца любое пытанне, а клопаты і турботы не здаюцца такімі цяжкімі. Пры добрым настроі хочацца бачыць вакол сябе прыгожых, шчаслівых людзей, хочацца сардэчных размоў. Праўда, гэты настрой, як сцвярджае Тамара Аляксееўна, залежыць ад нас саміх. Дык давайце хутчэй настройвацца на вясну!


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *