Чым моцная ўлада

Грамадства

Старшынёй Малейкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Ксенія Міхайлаўна Раманюк працуе з 1995 года. Людзі яе паважаюць, раяцца па многіх пытаннях, падказваюць, як лепш правесці тое або іншае мерапрыемства, у якім напрамку скіраваць свае намаганні, каб менш негатыву было ў жыцці вёскі. Чым моцная мясцовая ўлада, на чым грунтуецца яе аўтарытэт? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць Ксенію Міхайлаўну, калі наведаліся ў Малейкі па рэдакцыйных справах.


— Магу з упэўненасцю сказаць: любая ўлада, асабліва мясцовая, грунтуецца на рабоце сельскага актыву. На шчасце, людзей, якія душой хварэюць за лёс сваёй малой радзімы і кожнага земляка, не ачарсцвелі душой і гатовы дапамагаць іншым, на тэрыторыі Савета нямала. У апошні час мы сталі саромецца гучных слоў, гаварыць аб высакародных учынках і гуманнасці, але ж яны ёсць і ўласцівы нашым людзям! Мне пашанцавала, што побач са мной працуюць аднадумцы, якія не толькі падтрымліваюць уладу па многіх пытаннях, але і ініцыятыву праяўляюць.


— Адна з іх – Ала Мікалаеўна Шаўчэнка, добры арганізатар, кампетэнтны работнік у сваёй галіне. Калі сярод дэпутатаў сельскага Савета ёсць такія неабыякавыя і творчыя асобы, як Вячаслаў Дзям’янавіч Карпенка, можна лічыць, старшыні сельвыканкама пашанцавала. І суботнік арганізуе, і работу сярод людзей правядзе, і растлумачыць, што парадак на вуліцах, могілках, дзе пахаваны родныя і блізкія – абавязак тых, хто жыве на гэтай зямлі. Ён, дарэчы, з’яўляецца і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. У час правядзення чарговых сесій не адмоўчваецца, праяўляе актыўнасць, узнімае важныя пытанні.


Энергічнасці настаўніцы Зоі Антонаўны Штурмак пазайздросцяць нават маладыя. Яна – першы дарадца ў такіх пытаннях, як работа з неблаганадзейнымі сем’ямі. Такія “ячэйкі грамадства” ёсць і ў нас, таму мы разам з Зояй Антонаўнай часта ідзём па знаёмых адрасах нават у выхадныя і святочныя дні. З часам яна не лічыцца, ні разу не адмовілася саставіць, вобразна кажучы, мне кампанію, калі ведае, што дзеці засталіся адны або ім пагражае небяспека.
Кандыдат у дэпутаты сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Каваленка – загадчыца Сялецкага дзіцячага садка – таксама з разуменнем адносіцца да грамадскай работы, дапамагае ва ўсім.


Старшыня прафкама КСУП “Пераможнік” Святлана Іванаўна Протчанка акрамя ўсяго з’яўляецца і членам камісіі па справах непаўналетніх. Разам з ёй наведваемся да тых, хто атрымаў дабротнае жыллё, пабудаванае па Указу Прэзідэнта за сродкі гаспадаркі, але не хоча ўтрымліваць яго ў належным стане.
Не магу не назваць і Ірыну Валер’еўну Арцёменка з Петрыцкага, якая працуе паштальёнам і дапамагае вяскоўцам, а гэта ў асноўным пенсіянеры, вырашыць іх праблемы. Каб навесці парадак на могілках, неабходны сродкі, бо людзі па стану здароўя не могуць гэтага зрабіць самастойна. У такіх вось сітуацыях без Ірыны Валер’еўны – як без рук. Яна робіць падворны абыход, гутарыць з аднавяскоўцамі, тлумачыць, куды пойдуць іхнія грошы. Дарэчы, рашэнне аб зборы сродкаў прымалася на агульным сходзе. Параіўшыся з жыхарамі Петрыцкага, знайшлі аптымальны варыянт. Транспарт жа для вывазу смецця прадастаўляе КСУП “Пераможнік”.


— Відаць, у Вас так многа памочнікаў таму, што людзі бачаць ваша стаўленне да ўсяго, што адбываецца ў жыцці, жаданне змяніць яго да лепшага.


— Магчыма, і так. Ніколі не абыходжу вострыя вуглы, хаця сітуацыі бываюць розныя. І пробы малака неабходна адабраць для аналізу, а ўладальнікі кароў адмаўляюцца гэта рабіць, і праблемы з вызначэннем яго тлустасці ўзнікаюць. Тут неабходна праяўляць цярплівасць і вытрымку, тлумачыць грамадзянам, што гэта робіцца ў іхніх жа інтарэсах. Гэта толькі адзін прыклад, а такіх сітуацый за дзень бывае нямала.


Балючая тэма – добраўпарадкаванне вуліц, навядзенне чысціні і парадку. Не ўсе з разуменнем адносяцца да гэтага пытання, матывы ўтрыманства ў некаторых грамадзян усё ж прысутнічаюць. Асабісты прыклад, настойлівасць у правядзенні работы дапамагаюць падтрымліваць належны санітарны стан. Скажу шчыра: часам атрымліваю заўвагі ад старшыні райвыканкама адносна парадку на вясковых вуліцах. Стараюся, каб іх больш не было.


— Ці ўсе сацыяльныя пытанні ўдалося вырашыць у вёсках Малейкаўскага сельсавета?


— Ліхтары на слупах гараць, установы культуры, магазіны працуюць, цэнтральныя вуліцы заасфальтаваны. Адзінае, што не дае мне спакою і псуе настрой, гэта стан вуліц у Зарэччы. Вясной на іх стаіць вада, ні прайсці, ні праехаць. Шкада састарэлых грамадзян, якія дажываюць век у сваіх дамах, да якіх з цяжкасцю можна дабрацца. Гаворана-перагаворана аб гэтым нямала, а воз, як кажуць, і зараз там.


Справа ў тым, што Зарэчча адносілася да ліку населеных пунктаў з узроўнем забруджанасці тэрыторыі да пяці кюры. Гэта і паўплывала на далейшы лёс  населенага пункта і стан яго вуліц. На раённым узроўні праблему вырашыць не можам. Звярталіся мы і да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Віталя Куліка, быў ён у Зарэччы. Магчыма, калі б не сусветны эканамічны крызіс, праблема б вырашылася. Надзеі не страчваем. У час рабочай паездкі па Гомельскай вобласці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, звяртаючыся да службовых асоб, папярэдзіў, каб звярталі ўвагу не толькі на аграгарадкі, але і на буйныя населеныя пункты, дзе жывуць людзі, ветэраны вайны і працы, не пакідалі гэтыя вёскі без увагі.


Спадзяюся, зменіцца становішча і пасля наведвання ў раён парламентарыяў, распрацоўкі і ажыццяўлення новай праграмы па ліквідацыі паследкаў катастрофы на ЧАЭС на 2011-2015 гады. Для людзей гэта вельмі важна. Аб рабоце ўлады яны мяркуюць па тым, якія ўмовы створаны для іх жыцця і працы. Тым больш, у такім раёне, як наш.


Гутарыла Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *