Каб адгукнулася ЗЯМЛЯ

Сельское хозяйство

У  КСУП  імя  Жукава прайшло свята першай баразны. Старадаўняя традыцыя прысвечана паспяховаму пачатку новага сельскагаспадарчага  сезона.


Вясна ўступіла ў свае правы – і ў жыхароў вёскі пачаўся перыяд палявых клопатаў. У гэтыя дні закладваецца будучы ўраджай. І галоўнае тут  – не ўпусціць час, правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны.


Прыход цяпла не застаў знянацку хлебаробаў КСУП імя Жукава. Гаспадарка штогод загадзя рыхтуе тэхніку і насенне, у ліку першых у раёне пачынае палявыя работы. Асноўны ўпор зроблены на якасць работ, якая, вядома ж, будзе ўплываць і на аплату. Людзі гэта разумеюць.  Як і  ў мінулыя гады, у пасяўной   задзейнічаны толькі вопытныя механізатары, сярод якіх і Уладзімір Віктаравіч Марчанка.



– Сёлета нам неабходна пасеяць ячменю і яравой пшаніцы   па 250 гектараў, аўса – 25 га, зернебабовых –  140 га, з іх 30 –  соі,  – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Пятровіч Міхаленка. – Пастаўлена  задача:  завяршыць сяўбу ў найлепшыя агратэхнічныя тэрміны. І гэтыя планы, спадзяёмся, будуць выкананы.
Акрамя таго, у гаспадарцы запланавана пасеяць 180 гектараў кукурузы на зерне і 590 – на зялёную масу, 150 га бульбы, 181 га аднагадовых траў, 29 га кармавых буракоў, 8 га – гародніны.


Свята першай баразны падрыхтавала загадчыца аўтаклуба раённага Дома культуры А.А. Злыдзенка. На веснавую раллю выйшлі і ўдзельнікі фальклорнага ансамбля Бярозкаўскага сельскага клуба, якія правялі народны абрад. Яны пажадалі земляробам вялікага хлеба, каб праца людзей, якія ўкладваюць  у сваю справу майстэрства і душу, не прапала дарэмна і зямля аддзякавала  ім  добрым ураджаем.


В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *