НАЛЯГАЮЧЫ НА ВЁСЛЫ…

Грамадства

Не, гэта, вядома, не Венецыя. Але чым горшы выгляд? Закружыліся ў першых сонечныя абдымках палі ды лугі – і паўнаводны Днепр тут жа расхінуў свае берагі, вырваўся на волю. Цяпер вось па вуліцы  ні праехаць, ні прайсці. Можна толькі плысці.



Для мяне асабіста, праўда, дзівам гэта не з’яўляецца, бо тут, у вёсцы Галкі, нарадзілася сама. З дзяцінства добра памятаю, у якім парадку “крочыла” вялікая вада: спачатку залівала лугавыя прасторы, потым перакрывала дарогу ў раёне былога моста, авалодвала агародамі і, нарэшце, ціхенька падбіралася да двароў. Дзень за днём усталёўвала свае правілы: звычайны абутак змяняўся на гумавыя боты, транспарт – на плавальныя сродкі. Прама ад фортак многія ўсаджваліся сем’ямі ў лодкі ці чаўны, каб  пераправіцца праз разліў, дабрацца да школы і месца работы. Дамаўляліся, калі і хто даставіць дзяцей дамоў,  а ў найбольш моцныя веснавыя паводкі даводзілася, бывала, школьнікам тыдзень-другі пагасцяваць і ў сваякоў з суседніх Асарэвічаў. У такія хвіліны прыходзілі на выручку, дапамогу адзін аднаму. Людзі, можна сказаць, станавіліся адным цэлым.


Цяпер, праўда, на працу і заняткі спяшаюцца лічаныя, бо пераважная большасць у вёсцы – пенсіянеры, толькі двое вучняў.  Не гойсаюць па ціхай воднай гладзі, налягаючы на вёслы, да самага позняга вечара падлеткі, як было раней. Майстэрствам упраўлення лодкай ці чоўнам авалодвалі нават многія дзяўчаты, не гаворачы пра хлапчукоў. І ні ў кога і думках не ўзнікала назваць гэтыя шыкоўныя краявіды “надзвычайнай сітуацыяй”.


Сёлета, пасля працяглага прыпынку, Днепр вось зноў вырашыў паказаць сваю веліч і багатырскую моц. Яшчэ зімой стала зразумела, што з-за вялікай колькасці снегу ручайкамі і лужынкамі не абыдзецца. І сапраўды. Ужо ў першыя красавіцкія дні, запаўняючы перакаты,  вада пачала прасочвацца ў сяло. Заліла дарогу, увайшла ў двары. У найбольш выгадным становішчы, як заўсёды, апынуліся жыхары ўскраін. Цэнтр ад цывілізацыі адарваны з усіх  бакоў.  Дамы, якія прадбачліва, з улікам прыродных умоў узводзіліся на ўзгорках, цяпер красуюцца  на астраўках. У позірках і паводзінах землякоў, як было і заўсёды, ніякай панікі. Да сустрэчы веснавой паводкі тут  прывыклі рыхтавацца загадзя: з першымі крокамі вады ў вёску ў экстраным парадку выцягваецца гародніна са склепаў, вызваляюцца агароды ад сена, у каго падтаплівае хлявы, клапоцяцца, дзе лепшае месца адвесці жывёле.


Да магазіна цяпер вось ад цэнтральнай часткі не дабярэшся і ў так званых рыбацкіх ботах. Пакупнікоў, як прыкмячае загадчыца Алена Лявоненка, стала значна менш. Хаця з боку аўтатрасы пералівы вады для грузавой машыны не перашкода, перабояў у пастаўцы прадуктаў харчавання не адчуваецца. Іншая справа: як іх з прылаўка ў адрэзаныя ад сушы дамы даставіць? Не з рукі ўсё-такі землякоў без свежага хлеба пакідаць. Таму, хто спрытней вяслом валодае, прыходзіць на выручку. Так, з правізіяй у лодцы, і  перамяшчаецца Алена ад двара да двара.


Іншымі словамі, практычна нічога ў “водным” ладзе жыцця  мясцовага насельніцтва не  змянілася. З любымі праблемамі дагэтуль спраўляюцца самастойна, не прывыклі скардзіцца, чакаць дапамогі аднекуль збоку. І яно зразумела. “Стаж паводкавы” —  шматгадовы.


Увогуле ж, сёлетні разліў у Галках  лічыцца  яшчэ даволі літасцівым, ні ў якое параўнанне з норавам Дняпра ў пачатку 70-х, калі назіралася сапраўднае мора. Каму-некаму, як добра памятаюць вяскоўцы, даводзілася прама з ложка гумавыя боты на ногі насоўваць – вада ў дамы завітала. Каб накарміць жывёлу, для якой рыхтавалі ў хлявах спецыяльныя насцілы, патрэбна было садзіцца ў човен  прама ад хатняга парога. Справіцца з хуткай плынню, што віравала на водных прасторах, мог не кожны. Былі і трагедыі.


Ды з цягам часу  прырода ўсё-такі свой запал пачала стрымліваць. Балоты асушылі, суровыя  зімы змянілі менш снежныя і халодныя. Затапленні адпаведна сталі  радзейшымі, ужо не штогадовымі. Вяскоўцы добра прыкмецілі: калі ў Смаленску, адкуль бярэ пачатак Днепр, многа снегу — чакай паводкі, а свой  імклівы бег рака спыняе, калі распускаецца вярба.


Агароды, праўда, сеяць сёлета давядзецца жыхарам Галак значна пазней астатніх. Пакуль вада цалкам сыдзе, глеба дастаткова падсохне…  Ды ці ўпершыню? Запаздае ўраджай — не бяда, абы шчодры.


Такое яно, сельскае жыццё ўброд і ўплаў.


В. БЕЛЬЧАНКА


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *