ПАЧАЛОСЯ ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАННЕ

Общество

Учора   ў  10.00  па  ўсёй  Беларусі адкрыліся  ўчасткі  для  галасавання.


Прагаласаваць датэрмінова можна да 24 красавіка. Выбаршчыкі могуць прыйсці на ўчастак з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.


Бюлетэнь для галасавання выдаецца выбаршчыку на падставе двух дакументаў, галоўны з іх –  спіс грамадзян, якія маюць права галасаваць на гэтым выбарчым участку. «Грамадзянін, прыйшоўшы на выбарчы ўчастак, прад’яўляе дакумент для ідэнтыфікацыі асобы. У ім абавязкова павінна быць фатаграфія. У першую чаргу, гэта пашпарт», –  адзначыў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Таксама для ўдзелу ў галасаванні можна прад’явіць ваенны білет, службовае пасведчанне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет, даведку органаў унутраных спраў (для тых, хто згубіў пашпарт) і пасведчанне на права жыхарства (для грамадзян Расіі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне).


У залежнасці ад участка ў бюлетэнях будзе розная колькасць кандыдатаў у дэпутаты. Калі іх некалькі, выбаршчык ставіць любы графічны знак у квадраце насупраць прозвішча кандыдата, якога лічыць дастойным. Ёсць магчымасць таксама прагаласаваць «супраць усіх». Калі ў бюлетэні пазначаны адзін кандыдат, то насупраць яго прозвішча будуць два квадраты з надпісамі «за» і «супраць», адзін з якіх і павінен адзначыць выбаршчык.


У рэгіёнах, дзе выбары праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове, у выбаршчыкаў усё роўна ёсць выбар, сказаў сакратар Цэнтрвыбаркама. Для таго каб адбыліся выбары ў месцах, дзе балаціруецца толькі адзін чалавек, за яго павінны прагаласаваць больш як палавіна выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі.
Мікалай Лазавік звярнуў увагу, што ў гэтым годзе з улікам змяненняў у выбарчае заканадаўства кантроль за правядзеннем датэрміновага галасавання больш строгі. У памяшканні, дзе праходзіць галасаванне, кожны дзень павінны вывешвацца абноўленыя пратаколы з інфармацыяй аб колькасці грамадзян, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.


Прадстаўнік ЦВК таксама адзначыў, што датэрміновае галасаванне магчыма толькі на выбарчым участку. Галасаванне дома праводзіцца толькі ў дзень выбараў  –  25 красавіка. Грамадзяне, якія, напрыклад, па стану здароўя не могуць прыйсці на выбарчы ўчастак, у любы час з 10.00 да 19.00 маюць права падаць заяўку ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне дома. Зрабіць гэта можна не пазней за 18.00 25 красавіка (за дзве гадзіны да закрыцця ўчастка). 


БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *