ПРЫЙСЦІ ПРАГАЛАСАВАЦЬ – АБАВЯЗАНЫ

Грамадства

Прафсаюзы – заўсёды ў ліку тых грамадскіх аб’яднанняў, якія па традыцыі актыўна ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, у рабоце літаральна ўсіх выбарчых камісій. Вылучаюць сваіх актывістаў цераз працоўныя калектывы кандыдатамі ў дэпутаты, садзейнічаюць іх выбранню. Але сваё меркаванне я хачу выказаць не толькі як член прафсаюзнай арганізацыі, але і радавы выбаршчык.


Клопат дзяржавы адчувае кожны з нас. Чыесьці дзеці вучацца за бюджэтныя сродкі ў вышэйшых ці сярэдніх навучальных установах, нехта мае права на бясплатнае харчаванне для сваіх дзяцей, а яго сусед ці сваяк – на льготны праезд у транспарце. Усе мы пад аховай міліцыі і арміі, і гэта ўсё — дзякуючы дзяржаве. Чаму ж многія не разумеюць гэтага і не жадаюць, а часам і лянуюцца пайсці на выбары, каб аддаць свой голас за дастойнага кандыдата? Калі мы жывём у гэтай краіне, карыстаемся яе падтрымкай, то і самі павінны праяўляць свядомасць, удзельнічаць у палітычных кампаніях, выказваць волевыяўленне.


Я неаднаразова выбіралася членам участковай выбарчай камісіі , заходзіла ў дамы і кватэры грамадзян, каб зверыць спісы па свайму ўчастку. Людзі з разуменнем адносяцца да майго візіту, праяўляюць пачуццё такту, дапамагаюць, падказваюць, калі ведаюць, дзе знаходзіцца зараз сусед, калі лепш застаць яго дома. Так і павінна быць.


У выбарчым працэсе ўдзельнічаю  1973-га года, з таго часу, калі прыехала працаваць настаўніцай пасля заканчэння Мазырскага педінстытута. Была і сакратаром камісіі, запаўняла пратаколы, якія потым адсылаліся ў Мінск. Праводзіліся ж выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Адказнасць адчувала велізарную. Пасля таго з разуменнем стаўлюся да працы тых, хто сядзіць у камісіі і сустракае кожнага выбаршчыка  ўсмешкай. Не па пратаколе, а шчыра і адкрыта, з радасцю ад таго, што большасць людзей – усё ж свядомыя і законапаслухмяныя. Дарэчы, жыхары Брагіншчыны заўсёды праяўлялі актыўнасць у час выбараў. Хацелася б, каб так было і на гэты раз.


Н. ПІНЧУК,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *