ШЧАСЦЕ, памножанае на 5

Грамадства

Дзеці  – гэта шчасце, а калі іх шмат, шчасце яшчэ большае.  Так  лічыць   В.М.  Кавальчук  з  в. Чамярысы. 


На першы погляд і не скажаш, што гэтая маладая і прыгожая  жанчына – шматдзетная маці. Але  яна выхоўвае пяцярых дачок і ўдастоена  ордэна Маці. Яго Вользе Мікалаеўне ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва на ўрачыстым прыёме, дзе прысутнічалі  таксама прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


– Гэтую высокую ўзнагароду Вы заслужылі нястомнымі клопатамі аб дзецях, аддаючы ім свае любоў  і ўвагу, – адзначыла Ганна Мікалаеўна. – Матуліна праца ставіць на ногі будучыню нашай краіны, вядзе працяг чалавецтва.


– Старэйшай дачцэ  20 гадоў, яна вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, – распавядае В.М. Кавальчук, – а самай маленькай  усяго паўтара годзіка. Усе пяцёра жывуць дружна, дзеляцца радасцямі, разам пераадольваюць цяжкасці,  вырашаюць праблемы. І ім ніколі не бывае сумна – у кожнай ёсць сваё захапленне.


Шматдзетная мама імкнецца ўсім удзяліць час: чамусьці навучыць, нешта параіць.  Паспявае і ў хаце парадак навесці, і двор кветкамі засеяць. І кажа, што гэта няцяжка, бо побач столькі памочніц.


У апошні час прэстыж мацярынства значна вырас. Прыемна, што і ў нашым раёне ёсць  нямала шматдзетных сем’яў, якімі можна ганарыцца.  А гэта — надзея на паспяховае  развіццё  Брагіншчыны.


В. ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *