У ТЭРМІНЫ, ЯК І НАМЯЧАЛАСЯ

Сельское хозяйство

У час рабочай паездкі па Гомельскай вобласці прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паставіў перад аграрыямі задачу завяршыць пасяўныя работы да 9 мая. У нашым раёне для гэтага ёсць усе магчымасці.


Галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання П.І. Бухавец праінфармаваў, што на 20 красавіка бягучага года пасеяна 5168 гектараў ранніх яравых зерневых пры плане 4696, што складае 110,1%. Такое перавышэнне планавай лічбы тлумачыцца тым, што значную частку плошчаў азімых – а гэта 971 гектар – давялося перасяваць яравымі. Зіма выдалася снежная, марозная, што паўплывала на стан азімых культур.


У аграрыяў на такі выпадак ёсць срахавы фонд, з восені насенне засыпаецца з такім разлікам, каб вясной яго хапіла і на тыя палі, дзе пасевы загінулі. Да таго ж азімыя трыцікале і пшаніца застрахаваны ад прыродных катаклізмаў, што дазволіць сельгасвытворцам атрымаць страхавыя сумы.


Перасеюць 1106 гектараў азімага рапса, насенне якого ўжо завезена з Жлобінскага раёна. У спецыялістаў агранамічнай службы ход пасяўной кампаніі не выклікае заклапочанасці, палявыя работы вядуцца ў комплексе. Гаспадаркі прыступілі да пасадкі бульбы, пад якую адведзена 650 гектараў. Традыцыйную беларускую культуру вырошчваюць усе сельгаспрадпрыемствы, за выключэннем КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Арганізавана ідзе пасадка клубняў у КСУП імя Жукава.


Не забываюць і пра гародніну. Асноўная работа разгортваецца звычайна на палях “Брагінкі”, якая паспяхова займаецца вырошчваннем цыбулі. Насенне гэтай вітаміннай культуры ўжо размясцілася на 35 гектарах. Акрамя цыбулі, будуць пасеяны сталовыя буракі на плошчы 39 гектараў і морква, а таксама кармавыя караняплоды на плошчы 205 гектараў.


Завершана першая падкормка азімых мінеральнымі ўгнаеннямі, механізатары прыступілі да другой. Вядзецца падсеў шматгадовых траў (усяго неабходна выканаць гэтую работу на 2460 гектарах). На гэтую дату 770 гектараў бабова-злакавых культур ужо падсеяны пад яравыя зерневыя. Насенне хто вырасціў сваё, хто закупіў, работа будзе выканана, у гэтым сумненняў няма. Пастараюцца хлебаробы ўкласціся і ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Нездарма ж рыхтаваліся да веснавой пасяўной кампаніі з восені, назапашвалі ўгнаенні, закуплялі і мянялі насенне, рамантавалі тэхніку. А ўжо восень пакажа, наколькі якасна і граматна былі выкананы ўсе аперацыі, пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы, сяўбы, заканчваючы доглядам пасеваў.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *