Ёсць жаданне працаваць на зямлі? Рэалізуйце яго

Сельское хозяйство

У сакавіку ў сярэднім на дзесяць працэнтаў павышаны закупачныя цэны на малако. У красавіку  –  на буйную рагатую жывёлу (таксама на дзесяць працэнтаў), якая рэалізуецца для рэспубліканскіх патрэб, свіней – на пяць працэнтаў.


Закупачныя цэны на БРЖ і свіней не павышаліся са жніўня 2008 года. Такая мера ўрада стала добрай навіной не толькі для сельгасвытворцаў грамадскага сектара, але і прыватнага. Тым больш, што колькасць жадаючых рэалізаваць сябе ў якасці фермера або ўладальніка ўласнай гаспадаркі ў раёне павялічваецца. Сфарміравалася група людзей, якія першымі паспрабавалі прайсці шлях гаспадара-прыватніка ад моманту рэгістрацыі да рэалізацыі вырашчанай сваімі рукамі прадукцыі, паспрабаваць “самастойны” хлеб.


У кагосьці гэта атрымалася больш паспяхова, а каму не хапіла вопыту ці ведаў. Галоўнае, усё рабілася па ўласнай ініцыятыве. Ды і падтрымка ім аказвалася, як з боку дзяржавы, так і замежных партнёраў па рэалізацыі сумесных праектаў. Закончыўся адзін у рамках праграмы CORE – agri, пачынаецца другі – “Падтрымка сельскіх ініцыятыў па развіцці гароднінаводства і жывёлагадоўлі”. Дзейнічаць ён будзе з 2010 года, фінансавацца арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Рэалізуецца міжнародным фондам сельскіх тэрыторый у партнёрстве з прыватнымі сельгасвытворцамі Брагінскага раёна.
Ініцыятыўная група з  іх ліку стварае арганізацыю, яе прадстаўнік – Кірыл Залацілін з Чамярыс. Сам Кірыл займаецца, прычым, паспяхова, гароднінаводствам і жывёлагадоўляй. Хто хоча паследаваць яго прыкладу, можа прыехаць у Чамярысы і паглядзець, у якім стане яго гаспадарка, развеяць сумненні, калі яны ёсць і чалавек вагаецца, ці зможа вось так арганізаваць сваю справу.


-Кансультатыўная і фінансавая падтрымка на першым этапе забяспечаны, — расказвае Кірыл. – Магчымы паездкі ў бліжняе замежжа з мэтай знаёмства і пераймання вопыту. Паспяховых гаспадароў, якія развіваюць асабістыя падсобныя гаспадаркі, нямала. Дапаможам і са сродкамі вытворчасці, пошукам рынкаў збыту прадукцыі.


Да нас могуць далучацца ўсе жадаючыя, любы сельскі жыхар, які не баіцца працы, хоча забяспечыць дабрабыт сям’і, адчувае ў сабе сілы прыносіць карысць і сабе, і людзям. А ў перспектыве – спецыялізацыя вытворчасці. Гароднінаводы могуць аб’яднацца і стварыць самастойную арганізацыю, жывёлаводы і пчаляры – таксама. Людзі маюць жаданне вучыцца, пераймаць навінкі і ўкараняць іх у сябе, працаваць і павышаць ад гэтага ўласны даход. Упэўнены, у нас усё атрымаецца. Асноўны касцяк – а гэта чалавек 30 – ужо склаўся. Магчыма, нехта не чуў, што ў раёне ажыццяўляюцца такія праекты. Няхай далучаецца. Калі не ведае, з чаго пачаць, тэлефануе :8-029 383-22-52 (Вэлком); 8-029 838-22-52 (МТС).


Брагіншчына – край працавітых і шчырых людзей, да такого ж кемлівых і дбайных. Яны заслугоўваюць лепшай долі, павінны і будуць жыць у дастатку. А забяспечыць яго можна ўласнымі рукамі.


Н. МІХАЙЛАВА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *