ДЗЯРЖАЎНЫ ПАДЫХОД

Сельское хозяйство

На чарговай селектарнай нарадзе разглядаліся такія пытанні, як вытворчасць малака ў летне-пашавы перыяд, завяршэнне вясенняй сяўбы і догляд пасеваў, падрыхтоўка корма-, зернеўборачнай тэхнікі.


На яе запрашаліся старшыні райвыканкамаў, начальнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.


На гэты раз размова ішла аб становішчы спраў у жывёлагадоўлі, якое не можа задаволіць. У спрыяльны час для вялікага малака ў цэлым па вобласці за апошні час знізілася яго вытворчасць і склала 107% да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надой ад каровы – 16 кг. Некаторыя раёны знізілі паказчык на 3-5%.


Асноўная прычына – недахопы пры пераводзе жывёлы на летне-пашавы перыяд. Назіраецца пагаршэнне рацыёна кармлення, няякасны травастой, парушэнне рэжыму пасьбы, несвоечасовая апрацоўка дойнага статка ад гнусу. І ўжо зусім недаравальна тое, што жывёла не забяспечана вадой. Да 18 мая – чарговай селектарнай нарады – сітуацыя павінна быць выпраўлена, а валавая вытворчасць малака дасягнуць не менш 110%.


У час рабочай паездкі па Гомельскай вобласці Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка запатрабаваў завяршыць пасяўныя работы ў Гомельскай вобласці да 9 мая. Але, як было адзначана на  нарадзе, не ўсе раёны справіліся з запланаваным заданнем у тэрміны. Што датычыцца Брагіншчыны, то на 13 мая засталося яшчэ пасеяць 565 гектараў (з улікам перасеву). Не ў поўным аб’ёме забяспечаны гаспадаркі сродкамі аховы. Задача адна: у бліжэйшыя дні навярстаць упушчанае. Інакш атрымаць запланаваны ўраджай – а ён павінен сёлета на Гомельшчыне быць не менш 2 млн тон зерня разам з кукурузным – пад вялікім пытаннем.


Дзякуючы  ўмовам надвор’я, на палях – выдатныя ўсходы яравых. Цяпер галоўнае – у час правесці ахоўныя мерапрыемствы.


Лічаныя дні засталіся да пачатку касавіцы. Ці ўсё гатова да зялёнага жніва? У цэлым па вобласці корманарыхтоўчая тэхніка падрыхтавана на 86%, у той час як у нашым раёне – на 95%. Прыемна адзначыць, што  на змену старой тэхніцы прыходзіць новая, больш дасканалая. Усе гаспадаркі (акрамя КСУП “Брагінка”) набылі “Ягуары”.


Не патрэбна адкладваць і рамонт зернеўборачных камбайнаў. Сёлета запланавана пабудаваць у вобласці 28 зернесушыльных комплексаў. На гэтыя мэты з бюджэтных сродкаў выдзелена 9,5 млрд рублёў.  Такі комплекс з’явіцца і ў КСУП імя Жукава.


Не застаецца па-за ўвагай і  навядзенне парадку на машынных дварах. Да 1 чэрвеня ўсе малочнатаварныя фермы павінны быць агароджаны.
Развіццё асабістых падсобных гаспадарак — у цэнтры ўвагі як кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, так і старшынь сельвыканкамаў. Але і тут многа нявырашаных пытанняў. Патрэбна  ісці насустрач вяскоўцам, ствараць для іх адпаведныя ўмовы.


Падводзячы вынікі, старшыня райвыканкама А.П. Ятчанка запатрабаваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў з усёй сур’ёзнасцю аднесціся да сваіх абавязкаў.  Падыход да справы павінен быць прынцыповым.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *