ГУЧЫЦЬ ЗВАНОК. АПОШНІ…

Грамадства

для  144  выпускнікоў  сярэдніх  школ  Брагіншчыны


Праз доўгіх дзевяць месяцаў зноў прачнуўся, міжволі пазяхнуў  і выпрыгнуў з каробачкі залацісты званочак. Зірнуў на прыбраных, са стракатымі букетамі кветак, кірпатых хлопчыкаў і дзяўчынак,  і  тут жа ўпрыгожыў  сябе  шыкоўным  пунсовым  бантам: у школе сёння ўрачыстасць.   Ужо ўсе — госці,  вучні,  настаўнікі,   бацькі  —сабраліся.  Хаця, не… Хвіліначку цярпення. Вось выходзяць і яны, для каго ў апошні раз, пералівіста і хвалююча, будзе гучаць у руках дзяўчынкі-першакласніцы гэты званочак. І ўжо на вачах у кагосьці з’явіліся няпрошаныя слёзы. Чаму так хутка і няўмольна бяжыць час? Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна  было іх першае верасня. А ўжо… Зусім дарослыя, самастойныя, са сфарміраванымі поглядамі. Становіцца неяк сумна. Ці не ад таго, што мы, бацькі, так хочам, каб нашы сыны і дачкі як мага больш затрымліваліся ў дзяцінстве, хвалюемся, што чакае іх там, за паваротам?  І гэта зразумела: наперадзе – жыццё, якое абавязкова праэкзаменуе на надзейнасць, вернасць, адказнасць. Толькі ўжо не будзе побач настаўніцкай падказкі, падбадзёрваючага погляду. З усім патрэбна спраўляцца самім.


Але ўсё гэта – потым, заўтра. Сёння пакуль яшчэ гучаць цёплыя словы падзякі педагогам, мудрыя наказы выпускнікам, абяцанні стаць ім дастойнай зменай першакласнікаў.  І гучыць званок…


Такіх званкоў, праўда, у школьным жыцці было мноства, і самых розных: нечаканых і радасных, трывожных і вясёлых, якія, чаго граху таіць, выручалі ад немінучай адмоўнай адзнакі. Але гэты – апошні, як рубеж паміж дзяцінствам і дарослым жыццём. Ён раскрывае дзверы ў свет вялікіх спраў і клопатаў, адкрыццяў і пазнанняў.  І не патрэбна сумаваць. Памятаеце, у В. Распуціна сказана, што ўсякае развітанне дае надзею.


Давайце ж і мы будзем верыць і спадзявацца, што ўсё ў сённяшніх выпускнікоў атрымаецца і складзецца ўдала, што  ўвесь свой розум, гарачыню сэрцаў, высакароднасць і веліч душы яны накіруюць на карысць краіны, у якой жывуць. І, можа, калі-небудзь, калі трывала стануць на ногі і створаць свае сем’і, прывядуць у родныя школьныя сцены сваіх дзяцей. Залівісты званочак сустрэне іх з радасцю.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *