На дабрыню і ласку адгукваюцца ўсе,

Грамадства

або Расказ аб тым, як кот і казяня жывуць у злагадзе і дружбе, дзелячы на дваіх любоў гаспадыні


Як вы думаеце, адкуль бралі сюжэты для казак пра жывёлу іх складальнікі? З жыцця, назіраючы за паводзінамі дамашніх любімцаў, якія не перастаюць здзіўляць сваіх гаспадароў кемлівасцю і адданасцю, уменнем адчуваць  настрой і рэагаваць на яго. Так з’явіліся складзеныя народам творы пра мудрых катоў, сабак, нават мышэй, якія дапамагалі тым, хто іх даглядаў і карміў, стаць заможнымі, выгадна ажаніцца. Бедны станавіўся багатым, а крыўдзіцель быў пакараны за свае сквапнасць і жорсткасць. І ўсё гэта рабілася не без дапамогі хатняй жывёлы і птушкі.


Марыя Якаўлеўна Цярэшчанка, калі б захацела, магла б стаць аўтарам такіх казак, а ўжо цікавых расказаў – дык без сумнення, калі б апісала звычкі сваіх гадаванцаў. Вядомы выраз пра тое, што кура – не птушка, мабыць, пакрыўдзіў бы і гаспадыню, і чубатку, якая ў яе жыла. Інкубатарнае кураня з першых дзён з’яўлення ў вясковым двары, адрознівалася ад сваіх суродзічаў. А калі падрасло, стала прэтэндаваць на любоў гаспадыні больш за іншых. Дастаткова было Марыі Якаўлеўне толькі адзін раз занесці куру ў птушнік і пасадзіць на насест, як тая стала патрабаваць такой “дастаўкі” да месца начлегу пастаянна.


На другі дзень нясушка сядзела ўжо пад ганкам і чакала, калі ж нарэшце звернуць на яе ўвагу. Астатнія куры ўжо паселі, на двары сцямнела, а гэтая і не думала далучацца да іх. Здзівіўшыся, Марыя Якаўлеўна ўзяла нясушку на рукі і панесла ў хлеў. Баялася, каб такую разумніцу не задушыў сабака ці не задраў коршун. Іх у  апусцеўшай вёсцы вадзілася шмат. А тым больш жыла жанчына на водшыбе, каля могілак.


Адзін раз па справах  прыехала ў Брагін, дамоў дабралася  позна вечарам, недзе ў 21 гадзіну. Увосень у такі час ужо цёмна. Якое ж было яе здзіўленне, калі, запаліўшы на верандзе святло, убачыла пад ганкам сваю падапечную! Тая,  схіліўшы галаву, чакала Марыю Якаўлеўну. І дачакалася!


Пляменнікі, якія прыязджалі да цёткі ў госці, з задавальненнем бралі дамашнюю птушку на рукі і нават сфатаграфаваліся з ёй на памяць.


А гэтай зімой, у самыя лютыя маразы, руплівая жанчына ўзяла ў суседкі казяня. Прынесла ў хату, паклала ў картонную скрыню, якую падрыхтавала загадзя. Так яно і расло. Вечарамі, калі жанчына ўладкоўвалася на тапчане каля  грубкі  паглядзець тэлевізар, на прыполе ўтульна размяшчаліся кот і казяня. А калі надакучала ляжаць нерухома, падхопліваліся і пачыналі бегаць па зале. Прычым кот умудраўся ўскочыць казяняці на спіну і абхапіць за шыю лапамі.


У лясок, які побач, цераз дарогу, Марыя Якаўлеўна і яе гадаванцы накіроўваюцца разам. Па дарозе кот і казяня дурэюць, як малыя дзеці. У хвойніку ў кожнага свой занятак: кот залазіць на дрэва і адтуль сочыць за тым, што робяць астатнія, каза скубе траву, а гаспадыня занята зборам  траў  або  галінак.  Назбіраўшы  ўсяго, па што ішла, жанчына дае гучную каманду: “А цяпер — дамоў”. Вяртаюцца таксама ўтрох, прычым кот звычайна ідзе першым.


Кот умее скакаць і вісець на выцягнутай руцэ, са сваёй сяброўкай-казой не разлучаецца. Калі гаспадыня закрыла яе ў хляве, каб не кусалі камары і мошкі, пачуўшы жалобнае бляянне, кінуўся туды, каб скаратаць разам гадзіны “затачэння”. Бывае, Марыя Якаўлеўна ідзе ў госці да суседкі праведаць яе, і па просьбе такой жа, як сама, адзінокай пенсіянеркі, бярэ з сабой казяня. Няхай і сяброўка пацешыцца, гледзячы, якія выкрутасы робіць яе любіміца.


Трэба сказаць, што Марыя Якаўлеўна – з ліку тых гаспадынь, пра якіх кажуць: ”Марья-Искусница”. У двары, хляве – парадак, які ў іншых не застанеш у доме. Умее касіць, калоць дровы, не гаворачы ўжо пра чыста жаночую працу. Жывёла, відаць, адчувае яе ауру, якая выпраменьвае дабро і цеплыню, таму так любіць сваю гаспадыню.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *