ПА СУТНАСЦІ, БЕЗ ЛІШНІХ СЛОЎ

Грамадства

Жывая гутарка з людзьмі куды важней, эфектыўней і карысней любой папяровай справы. Бывае, дастаткова выгаварыцца чалавеку – і праблема ўжо здаецца не такой вострай, а то і ўвогуле пераўтвараецца ў дробязь. У адкрытым дыялогу лягчэй і перамагчы нейкую недасведчанасць,  і справіцца з непаразуменнямі, і прыйсці да правільнага рашэння. Работа з насельніцтвам мае на ўвазе выслухаць, растлумачыць, давесці да ведама. І, вядома ж, вывучыўшы сітуацыю на месцы, у рамках закона і існуючых магчымасцяў дапамагчы.


Вось і ў Катловіцкі сельскі клуб, дзе адбылася сустрэча з інфармацыйнай групай райвыканкама на чале з Г.М. Бабрынёвай, вяскоўцы ішлі са звычайнымі, цалкам зразумелымі намерамі: добрая магчымасць у нязмушанай атмасферы пагутарыць з раённай уладай, падзяліцца набалелым. І размова, дарэчы, завязалася з нейкай лёгкасцю яшчэ з парога. Людзі самі падказвалі тэмы для роздуму, наводзілі на разважанні. Усё – па сутнасці, без лішніх слоў, з адпаведным настроем. Адчувалася іх шчырасць, нераўнадушныя адносіны да таго, што адбываецца побач.


Яшчэ па дарозе да Катловіцы, звяртаючы ўвагу на высокія і прасторныя драўляныя  дамы, прадстаўнікі інфармацыйнай групы прыгадалі, што вёска гэтая раней славілася сваёй заможнасцю, жыхары былі працавітыя. І хаця насельніцтва ўжо пастарэла, значна паменшылася (пражывае каля 90 чалавек), займаць утрыманскую пазіцыю па-ранейшаму не ў яго характары. Не могуць прымірыцца, калі прыкмячаюць безгаспадарчасць і абыякавасць з боку жыхароў некарэнных, прыезджых з суседніх рэгіёнаў. Таму і не прамаўчалі – выказаліся ў абарону дзіцяці, якое праблематычна зарэгістраваць з-за безадказнасці маці: грамадзянка Расіі з афармленнем пасведчання на права пражывання ў Беларусі не спяшаецца. У вырашэнні праблемы паабяцала пасадзейнічаць раённая ўлада.


Трывогу і занепакоенасць выклікае таксама наведванне ў вёску асоб цыганскай нацыянальнасці, якія шляхам падману “выцягваюць” у састарэлых грошы. Таму намеснік начальніка Брагінскага РАУС В.В. Лысянок, які  прысвяціў сваё выступленне заканадаўчым і прававым аспектам, заклікаў прысутных не губляць у такіх выпадках час: з’явіліся падазроныя асобы – тэлефануйце ў міліцыю. Своечасовае паведамленне дапаможа прадухіліць злачынныя намеры такіх шукальнікаў лёгкіх заробкаў, затрымаць іх, як кажуць, па гарачых слядах.


Дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.М. Пархамцу было адрасавана пытанне: якая дапамога прадугледжана пенсіянерам, што перасягнулі 80-гадовы рубеж? Па-першае, як адзначыў Сяргей Міхайлавіч, такія грамадзяне пры наяўнасці адпаведных медыцынскіх паказанняў маюць права на бясплатнае надомнае абслугоўванне па індывідуальнай праграме. Па-другое, ім налічваецца надбаўка да пенсіі. І, па-трэцяе, ёсць магчымасць скарыстацца шэрагам платных паслуг (распілоўка, рубка, складанне дроў, устаноўка агароджы і інш.), што, дарэчы, асабліва зацікавіла прысутных. Такія работы ў апошні час карыстаюцца асаблівым попытам у састарэлых жыхароў, і цэны на іх даволі прымальныя.  З’явілася патрэба – звяртайцеся. І гэтыя, і іншыя пытанні, якія датычаць сацыяльнай абароны насельніцтва, можна ўдакладніць па тэлефоне 2-10-68.


Не ўзнікла ніякіх прэтэнзій у вяскоўцаў да медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання. Водгукі аб загадчыцы Малейкаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Т.І. Лысенцы, якая кожны чацвер наведваецца ў Катловіцу, – самыя прыемныя. І ціск пракантралюе, і лекі даставіць, і параду слушную дасць. Замест магазіна – аўтакрама, але на асартымент тавараў ніхто не скардзіцца. Ад дырэктара Брагінскай негасразліковай розніцы М.М. Леўчанкі да таго ж даведаліся, што прадукцыю яшчэ можна набываць і па заяўках. Напрыклад, той жа камбікорм для птушкі, які некаторыя чамусьці купляюць у прадпрымальнікаў сумніўнай рэпутацыі па вышэйшай цане. Хаця варта толькі звярнуцца да прадаўца – і тавар будзе дастаўлены па адпаведным адрасе, і танней выйдзе, і грошы пойдуць на карысць раёна.
Начальнік падатковай інспекцыі В.М. Сукач палічыла неабходным нагадаць вяскоўцам аб адказнасці, якая чакае фізічных асобаў у выпадку ўхілення ад выплаты падаткаў. На ўвазе ў першую чаргу меліся ўладальнікі трактароў, якія не бясплатна апрацоўваюць людзям зямельныя ўчасткі. Дастаткова ўнесці ў дзяржаўную казну толькі 30 тысяч рублёў у месяц, на працягу якога грамадзянін будзе займацца даным відам дзейнасці, каб гэтыя паслугі сталі законнымі. “Кавалак” з заробленага мізэрны, а праблем пазбегнуць дапаможа.


На платных паслугах па апрацоўцы прысядзібных участкаў, якія аказвае насельніцтву  КСУП “Пераможнік”, спынілася намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце С.І. Протчанка.


Увогуле, гутарка аказалася даволі змястоўнай і даверлівай. Асобным грамадзянам пасля ўдакладнення будуць накіраваны  індывідуальныя адказы.
Узаемаразуменне, шчырасць, пачуццё такту  і нават трапныя вясковыя жарты – усё было да месца і зрабіла сустрэчу не толькі насычанай інфармацыйна, але і прыемнай для душы. Без нейкага там пафасу і з размовай на роўных.


У гэты ж дзень, 20 мая, у раёне пабывалі прадстаўнікі  інфармацыйна-прапагандысцкіх груп аблвыканкама: начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні В.В. Руднік сустрэўся з калектывам КЖУП “Брагінскае”, галоўны спецыяліст упраўлення аховы здароўя Г.А. Сінчук і галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі М.М. Звёздкін – з супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бальніцы. Тэмамі для абмеркавання сталі ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, бескарыслівае служэнне высокім ідэалам святой і асветніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *