ПРАЦА БЕЗ ВЫХАДНЫХ

Сельское хозяйство

Прыжыліся  выхадцы  са  Швейцарыі  і  ў  нас.


Асвятленню развіцця фермерства і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на старонках мясцовага выдання ўдзяляецца нямала ўвагі. Рэдакцыя мае намер і ў далейшым расказваць пра тых, хто не баіцца цяжкасцей і працы, жыве з уласнага мазаля. Як высветлілася, такіх у раёне нямала. Ёсць сапраўдныя гаспадары, якія вядуць сваю справу на навуковай аснове, разводзяць толькі чыстакроўную жывёлу – авечак, свіней, коз, кароў.


Не многія ведаюць, што ёсць такая парода коз, як зааненскія. Яны даюць у год каля 700 літраў малака, а калі правільна даглядаць і карміць – і па 1000-1200 літраў. А гэта — мара кожнага пенсіянера, якому пад сілу трымаць на падвор’і замест каровы такую жывёліну. Яе і пракарміць, і даглядаць лягчэй. Прычым малако зааненскіх коз адрозніваецца добрай якасцю і смакам, не мае непрыемнага паху.


У тым, што “выхадцы” са Швейцарыі, дзе іх вывелі 100 гадоў таму, дружалюбныя, прыгожыя (белай масці з кароткай шэрсткай, больш густой на спіне), мы з фотакарэспандэнтам Вольгай Паляшчук пераканаліся на ўласныя вочы, наведаўшы фермерскую гаспадарку Ю.Э. Шпілеўскага. Праўда, імі больш займаецца яго жонка, Таццяна Уладзіміраўна, але ж і на сэрцы гаспадара цяплее, калі  бачыць, як хутка падрастаюць казляняты, якія яны пацешныя і бездапаможныя. Без замілавання нельга  назіраць за імі, калі з апетытам п’юць малако. Некаторыя з соскі, як дзеці, бо так і не прызвычаіліся атрымліваць корм з вядра. Ад Юрыя Эдуардавіча мы даведаліся, што чыстакроўных коз зааненскай пароды ў нашай рэспубліцы зусім мала. Прывёз іх з Гродзеншчыны, з гаспадаркі, якая распрадавала жывёлу. Ёсць яшчэ два месцы – у Дзяржынскім і Ваўкавыскім раёнах,  дзе можна набыць гэты від. Спакойны нораў, адносна невялікі памер, розум і дружалюбнасць робяць гонар “прышэльцам” з Заанентальскай даліны Швейцарыі. А самае галоўнае – спецыфічны пах, уласцівы козам іншай пароды, у зааненскіх адсутнічае. Знешне яны нічым не адрозніваюцца. Шырокі лоб і морда, тонкія вушы, часам крыху адвіслыя, поўная шыя, адносна прамая спіна, вялікае, вельмі развітае вымя і саскі, трывалыя, адвесна пастаўленыя ногі — толькі спецыяліст адрозніць чыстакроўную жывёліну ад помесі.


На падвор’і Юрыя Эдуардавіча — 13 коз. Пакуль. Зааненкі хуткаспелыя, пры добрым доглядзе пакрываюцца ў 10-12 месяцаў. Вельмі высокая і пладавітась іх, верагоднасць двойні – 80%. Прабылі мы ў фермера больш гадзіны, атрымалі задавальненне ад таго, што ўбачылі. Жывёльны свет – багаты і разнастайны, да таго ж з дапамогай і разумным умяшаннем у яго чалавека становіцца больш дасканалым. А даглядаць жывёлу, клапаціцца пра братоў нашых меншых – у радасць, калі любіш тое, чым займаешся.


Несумненна, гэта і карпатлівая праца без выхадных і адпачынку, паўсядзённая і руцінная, і клопаты, расходы, якія не заўсёды прыносяць жаданы вынік, і ў той жа час усведамленне сябе гаспадаром і ўладальнікам таго, што створана матухнай-прыродай.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *