ПРАЦЯГВАЮЧЫ СЯМЕЙНЫЯ ТРАДЫЦЫІ…

Грамадства

У ліку лепшых аператараў машыннага даення сельскагаспадарчага прадпрыемства імя Жукава — Таццяна Пятроўна Ганчар. За мінулы год ад кожнай каровы надаіла па 5212 кілаграмаў малака. 


З абавязкамі аператара машыннага даення Таццяна пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. Амаль штодня разам з маці крочыла на ферму. Нават раніцай не патрэбна было будзіць дзяўчынку – у выхадны дзень падымалася з першымі пеўнямі і спяшалася да любімых гадаванцаў. Асабліва радавалася, калі ёй давяралі “дарослыя” абавязкі. А калі вучылася ў старэйшых класах, ужо магла самастойна падмяніць маці. Часта вечарам ці ў выхадныя дні даіла кароў разам са старэйшай сястрой Нінай – няхай матуля крыху адпачне.


Пасля заканчэння дзевяці класаў Таццяна адвучылася на курсах у Рэчыцкім аграрным каледжы, пасля вярнулася дадому, у Конанаўшчыну. Працавала аператарам машыннага даення, некаторы час — асемянатарам. Выйшла замуж, і новым месцам жыхарства стаў Рыжкаў.


Адказнасць, сумленнасць, любоў да працы – гэтыя якасці характару, сфарміраваныя яшчэ ў дзяцінстве, дапамаглі Таццяне Пятроўне выйсці ў лік лепшых па прафесіі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне.


— Мне было з каго браць прыклад, — гаворыць жанчына. – Даяркамі працавалі бабуля і маці. З жывёлагадоўляй звязаў сваё жыццё і бацька, які быў і пастухом, і доярам.


Сямейную дынастыю працягвае і малодшае пакаленне. У мінулым годзе прыйшоў на ферму брат Віктар, які шчыруе разам са старэйшай сястрой Нінай Пятроўнай Пікуль у суседнім памяшканні.


У групе Таццяны Пятроўны – 100 галоў. Надойвае ад кожнай  каровы па 15-17 літраў малака. А ў цэлым у суткі атрымлівае больш тоны. Да таго ж патрэбна зберагчы нованароджаных цялят, якія знаходзяцца пад наглядам да 20-дзённага ўзросту. Цяпер іх дванаццаць. Вядома,  нялёгка справіцца з такой “гаспадаркай”. Часта на дапамогу прыходзіць муж, які працуе зваршчыкам.


У гэтым жа памяшканні другую групу доіць муж сястры — Васіль Іванавіч Пікуль. Дарэчы, ён у мінулым годзе атрымаў ад кожнай каровы больш шасці тысяч тон малака і заняў у раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення другое месца.


За сумленную працу – адпаведны заробак. У мінулым месяцы Таццяна Пятроўна, напрыклад, атрымала 1млн 600 тысяч рублёў.


З гонарам адзначае:


— Нядаўна да нас прыязждала са Светлагорскага раёна сястра, якая таксама працуе даяркай. Калі пацікавілася пра аплату працы, па-добраму пазайздросціла — яна такіх грошай ніколі не зарабляла.


Я прызнаюся шчыра: за ўвесь час ніколі не пашкадавала, што звязала сваё жыццё з вёскай. Тут навокал – такая прыгажосць! Дык навошта шукаць шчасця дзесьці на чужбіне?..


Не здаюць пазіцый на МТФ “Рыжкаў” і цяпер, калі жывёла выйшла на сакавітую траву. У гэтыя дні атрымліваюць ад каровы па 18 кілаграмаў малака, і ўсё – толькі вышэйшым гатункам.


Т. ЦІШКЕВІЧ


На здымку: аператар машыннага даення МТФ “Рыжкаў” Т.П. Ганчар.


Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *