ХУТЧЭЙ ПРЫХОДЗЬ, ЛЕТА

Грамадства

Мільёны школьнікаў самых розных узростаў  праз няпоўныя тры тыдні ўздыхнуць з палёгкай: нарэшце можна не ўставаць рана, не рыхтаваць дамашнія заданні, не хвалявацца перад урокамі, не напружвацца на фізкультуры… І яшчэ шмат такіх “не”. Але чым тады заняць дзяцей на канікулах? Якім чынам умацаваць іх здароўе? Як наладзіць паўнацэнны адпачынак? Галава аб гэтым у дарослых ужо баліць.


На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх “летняя” тэма была ў цэнтры ўвагі. Да яе абмеркавання падключыліся ўсе, хто мае непасрэднае дачыненне да арганізацыі адпачынку, занятасці і аздараўлення дзяцей.



Паводле прыведзеных даных, за самыя вялікія канікулы каля трохсот вучняў Брагіншчыны плануецца накіраваць у санаторыі і аздараўленчыя цэнтры рэспублікі і бліжняга замежжа: “Ждановічы”, “Жамчужына”, “Беларусь”, “Белая Русь”, “Срэбныя ключы”. Яшчэ 94 школьнікі ў адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі з шэрагам дабрачынных арганізацый пабываюць у краінах далёкага замежжа: Італіі, Велікабрытаніі, Германіі. Некаторыя атрымалі і асабістыя запрашэнні. Лагеры дзённага знаходжання, што будуць дзейнічаць пры 11-ці ўстановах адукацыі, прымуць ужо ў чэрвені 265 чалавек.


Не стане выключэннем у летні перыяд і часовае працаўладкаванне – другаснай занятасцю плануецца ахапіць 50 падлеткаў: 20 вучняў ва ўзросце 14-16 гадоў Брагінскай і па 10 – Вуглоўскай, Камарынскай і Буркоўскай школ. На гэтыя мэты з дзяржаўнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выдзелена 14 мільёнаў рублёў. Дзеці зоймуцца рамонтам мэблі, прывядуць у належны стан кніжны фонд. І, вядома ж, за сваю стараннасць атрымаюць заробак.


У чарговы раз таксама збярэ на беразе Дняпра падлеткаў летні хрысціянскі палатачны лагер, які ўжо не першы год арганізоўваецца па ініцыятыве і пры падтрымцы евангельскай царквы “Благодать”. Сёлета плануецца  ўключыць у склад яго групы і юных вяскоўцаў.


Апрача гэтага, дзверы не зачыняць спартыўныя залы, клубныя і пазашкольныя ўстановы. Формаў адпачынку і заняткаў дастаткова. Свежае паветра, спорт, праца, творчасць – выбірай, што па душы, напаўняй летнія дні радасцю, карысцю і святлом. Каб яркіх уражанняў, прыемных успамінаў хапіла надоўга.


Для дарослых жа, наадварот, настае час асаблівай увагі і сур’ёзных клопатаў. Нельга дапусціць, каб да злачынства, зарэгістраванага ў падлеткавым асяроддзі ў першым квартале, дабавіліся чарговыя. Выхаваўчая і прафілактычная работа, як падкрэсліла старшыня камісіі па справах непаўналетніх Г.М. Бабрынёва,  павінна быць не эпізадычнай ці аформленай толькі на паперы, а выніковай. “Наша задача – не лічыць, а папярэджваць супрацьзаконныя ўчынкі дзяцей”.


В. БЕЛЬЧАНКА


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *