Засланіць ад бед і няшчасцяў

Грамадства

Гэты дзень заўсёды прыгожы, яркі, бо сама прырода ўжо паспела апаласнуць сваё аблічча дожджыкамі, апрануць шыкоўны зялёны сарафан і нанесці  румяны пурпурнымі кветкамі. Для поўнага шчасця і радасці патрэбны толькі чароўныя дзіцячыя ўсмешкі. Не выпадкова пачатак лета аддадзены самаму  вясёламу, няўрымсліваму і цудоўнаму свету дзяцінства. Дакладней, яго абароне. І гэта добрая падстава задумацца над тым, што мы, дарослыя, можам зрабіць, каб жыццё сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак было яркім, насычаным, цікавым, без трывог і хваляванняў, а будучыня — светлай.


Давайце паспрабуем знайсці адказ на пытанне: ад каго і чаго мы павінны абараняць дзяцей?


 


Вольга Міхайлаўна Ясінская, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх:


—Як ні сумна ўсведамляць, але абараняць дзяцей нярэдка даводзіцца ад самых блізкіх і дарагіх ім людзей – бацькоў. Ад іх безадказнасці, шалапутства, дурнога  ўздзеяння.  Усё гэта нараджае прага да спіртнога.  І пакуль  будзе вадзіцца з ім сяброўства, не будзе ў дамах ні ладу, ні дабрабыту, ні спакою.


Толькі ў нашым раёне налічваецца 20 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а ў іх выхоўваецца 52 дзіцяці. З  моманту ўступлення ў сілу Дэкрэта №18,  які  ўзмацніў адказнасць нядбайных за ўхіленне ад бацькоўскіх абавязкаў, 34 хлопчыкаў  і дзяўчынак мы вымушаны былі адарваць ад роднага дома. На жаль, пятнаццаці так і не пашчасціла вярнуцца назад – бацькі пазбавіліся свайго статусу. Крыўдна і балюча.


Дзеці не павінны пакутаваць ад чэрствасці, няўвагі  і бяздушнасці самых родных людзей. Гэта не толькі амаральна, але злачынна, вядзе да дэградацыі грамадства.


Марыя Уладзіміраўна Шэін, загадчыца ДУ “Іялчанскі дзяржаўны дзіцячы сад”:


—Пытанне цікавае: ад чаго абараняць?… Мне здаецца, ад грубасці, насілля, дэспатызму дарослых. У астатнім: атрыманне адукацыі, развіццё сваіх здольнасцей і г.д. нашы дзеці не пакрыўджаны – мы жывём у цывілізаванай краіне. Як правіла, праблемы ідуць з сем’яў, у якіх бацькі не жадаюць займацца выхаваннем сваіх сыноў і дачок. Таму якраз своечасовым стала прыняцце Прэзідэнтам Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.


На шчасце, ні адзін з нашых выхаванцаў не знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але гэта не дае падставы губляць пільнасць. Дзеці павінны адчуваць спакой, утульнасць і камфорт як дома, так і ў садку, школе, іншай установе. Таму наша агульная задача – стварыць для іх адпаведны мікраклімат, усе ўмовы для псіхалагічнага і фізічнага дабрабыту.


Аляўціна Мікалаеўна Навумава, маці, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, у тым ліку траіх прыёмных:


—Дзяцей патрэбна засланяць ад бед і няшчасцяў. Засцерагаць і ад шкодных звычак, і ад неабдуманых учынкаў, і ад дрэннага ўздзеяння вуліцы, і ад стрэсавых сітуацый… Такіх “і”  можна прыводзіць многа. Але галоўная абарона ад любога негатыву – трывалая, дружная сям’я, дзе дзіця заўсёды знойдзе падтрымку, разуменне і суцяшэнне, атрымае мудрую параду. Тут яно спасцігае першыя ўрокі чалавечых узаемаадносінаў, і ад таго, як іх засвоіць, якія прыярытэты для сябе возьме за аснову, будзе залежаць выбар у будучым, далейшае жыццё.


Галіна Уладзіміраўна Кавалец, дырэктар ДУА “Брагінскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”:


—З улікам спецыфікі дзейнасці нашай установы я лічу, што ў першую чаргу дзяцей патрэбна засцерагаць ад абыякавасці і раўнадушша з боку акружаючых. Усе яны, незалежна ад узросту, характару, праблем са здароўем, маюць аднолькавыя правы на паўнацэннае існаванне і развіццё, павінны быць ахоплены навучальным працэсам. Вера ў іх здольнасці і талент заўсёды дадаюць рашучасці, упэўненасці ў сваіх сілах, а любыя поспехі, зрухі і дасягненні  – гэта наша агульная радасць.


Дзеці, тым больш – з парушэннямі ў развіцці, чакаюць ад нас падтрымкі, дабрыні, міласэрнасці і спагады.


Уладзіслаў Мікалаевіч Дзёкін, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:


— Абараняць дзяцей патрэбна ад алкаголю, тытуню, наркотыкаў і… сродкаў масавай інфармацыі. Калі ў друку яшчэ ставіцца заслон чалавечым заганам, то што “сыплецца” з экрана?.. Распуста, агрэсія, бязлітаснасць, крымінальная рамантыка – усё гэта, як губка, убіраюць у сябе дзеці. Калі прыгожая, элегантная гераіня тэлесерыялу сядзіць у кафэ  з  цыгарэтай у руках ці забойца,   злодзей  ідэалізуюцца,  што  будзе брацца за прыклад для пераймання? Атрымліваецца, тое, што перашкаджае людзям спакойна жыць і працаваць, губіць іх і калечыць маральна, асацыіруецца з прыгожым жыццём, успрымаецца падрастаючым пакаленнем як норма. У асобных кінастужках нават, бывае, прысутнічае непадробная рэклама пэўнай маркі цыгарэт ці спіртнога, на якія звяртаецца ўвага гледача.


На мой погляд, ніякія прафілактычныя мерапрыемствы не прынясуць жадаемага выніку, пакуль дзеці не будуць абаронены ад негатыўных наглядных прыкладаў.  


Ці ведаеце вы, што…


У Міжнароднага дня абароны дзяцей свая гісторыя. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1949 годзе на кангрэсе жанчын у Парыжы прагучала клятва “нястомна змагацца за забеспячэнне трывалага міру як адзінай гарантыі шчасця дзяцей”. Рашэннем сесіі першы Міжнародны дзень абароны дзяцей быў праведзены ў 1950 годзе. Так 1 чэрвеня стала штогадовым святам падрастаючага пакалення.


Варта нагадаць, што ў 1959 годзе ААН прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці, у якую ўвайшлі артыкулы, што заклікалі бацькоў, дзяржаўныя органы, мясцовыя ўлады і ўрад, няўрадавыя арганізацыі прызнаць выкладзеныя ў ёй правы і свабоды дзяцей і імкнуцца да іх выканання. Але дэкларацыя насіла толькі рэкамендацыйны характар. Патрабаваліся іншыя законы, якія б маглі абавязваць і караць. І 20 лістапада 1989 года ААН прыняла Канвенцыю аб правах дзіцяці, якую падпісала 61 краіна. 13 ліпеня 1990 года Канвенцыя была ратыфікавана і ў існуючым яшчэ СССР.


Такім чынам, першы дзень лета – гэта не толькі шумныя і вясёлыя святкаванні дзетвары, але і напамін дарослым аб неабходнасці выканання і павагі правоў дзіцяці як галоўнай умовы фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *