Да ўвасаблення задуманага – адзін крок

Грамадства

Размова з дырэктарам ААТ “Брагінаграсэрвіс” С.Р. Набокам, яго ўпэўненасць у заўтрашнім дні Брагіншчыны, аптымізм і акрэсленая пазіцыя чалавека, які ведае, што робіць, перадаліся і мне. Усялілі надзею, што ўсё ў нас атрымаецца, калі за справу бяруцца такія вось творчыя асобы. А справа ў тым, што ў хуткім часе (жніўні-верасні) адкрытае акцыянернае таварыства атрымае нарэшце рапсавую лінію коштам 555 тысяч еўра. У нас будзе свой цэх па перапрацоўцы насення рапсу на шэсць тысяч тон. Падзея, якую ў раёне чакалі даўно. І гэта толькі пачатак. А ў планах – і мабільны камбікормавы завод. На тую колькасць пагалоўя, якое ёсць у гаспадарках раёна, яго магутнасцей дастаткова, каб круглы год забяспечваць буйную рагатую жывёлу і свіней зернефуражом. Не трэба будзе больш ехаць у  суседнія раёны, несці транспартныя расходы па дастаўцы камбікармоў. Ды і ў іх якасці можна будзе не сумнявацца.


Адкрыццё дылерскіх цэнтраў заводаў-вырабляльнікаў, якія выпускаюць сельгасмашыны і запчасткі да іх, і ўвогуле адкрывае шырокія перспектывы для эканамічна-фінансавай дзейнасці, пашырае спектр паслуг акцыянернага таварыства. Можна будзе праводзіць не толькі гарантыйны, але і паслягарантыйны рамонт і абслугоўванне машын і механізмаў. Прычым на месцы. Не ў Гомеле, а ў  Брагіне.


Паслугамі ААТ “Брагінаграсэрвіс” па ўстаноўцы і рамонце даільнага абсталявання  ўжо карыстаюцца працаўнікі АПК з Хойніцкага, Лоеўскага раёнаў. Той факт, што невялікі калектыў колькасцю 80 чалавек згодна з планам аказаў за месяц паслуг на 460 млн рублёў (адных падаткаў заплаціў 63 млн), сведчыць аб эфектыўнай рабоце калектыву і яго кіраўніцтва. Першыя месяцы года такога напружання на вытворчасці не было, як зараз. Задзейнічана ўся тэхніка, усе людзі.


І ўсё ж “Брагінаграсэрвіс” – у першую чаргу абслугоўваючая арганізацыя, якая разам з сельскімі працаўнікамі ў адной вупражы змагаецца за выкананне прагнозных паказчыкаў. Таму тут жывуць тымі ж клопатамі, што і ўнітарныя сельгаспрадпрыемствы. Нарыхтоўка кармоў – задача №1 і там, і тут. У гэтыя дні тэхніка акцыянернага таварыства задзейнічана ў КСУП “Пераможнік”, дзе трамбуе зялёную масу, вывозіць арганіку. Адчувальную дапамогу аказваюць механізатары з абслугоўваючай арганізацыі і “Брагінцы”.


Акрамя гэтага, вядуць ва ўсіх гаспадарках вапнаванне кіслай глебы, дастаўляюць мінеральныя ўгнаенні, праводзяць ахоўныя мерапрыемствы, аказваюць транспартныя паслугі.


І гэта пры тым, што тэхніка ў “Брагінаграсэрвісе” не такая новая, служыць па восем-дзесяць гадоў. У Сяргея Рыгоравіча наконт гэтага свая пазіцыя: па-гаспадарску адносіцца да таго, што ёсць, беражліва эксплуатаваць, своечасова праводзіць тэхнічнае абслугоўванне. Ад гэтага залежыць эфектыўнасць выкарыстання сельгасмашын. Можна штогод папаўняць машынна-трактарныя паркі, але калі пакідаць пад плотам тое, што набылі год-два назад, не разбагацееш.


Гэта не робіць гонару ні інжынернай службе, ні механізатарам. Ды і магчымасці, у тым ліку фінансавыя, у сельгаспрадпрыемстваў абмежаваныя.


Разгарнуць дзейнасць на поўную моц пакуль не атрымліваецца. Даўгі КСУПаў – 670 млн рублёў. Дырэктар акцыянернага таварыства заўсёды прымае ўдзел у Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Белагра-2010”, дзе абагульняюць перадавы айчынны і міжнародны вопыт у сельскім машынабудаванні, прадстаўляюць сельгасмашыны розных фірмаў і марак. Набыць нешта, маючы такую суму не на рахунку прадпрыемства, а на паперы, складана. Але ж ведаць, што з’явілася на рынку тавараў і паслуг, якая дынаміка рэалізацыі дзяржаўнай канцэпцыі асноўных накірункаў аграпрамысловай палітыкі рэспублікі, неабходна.  Застаецца спадзявацца, што разам з партнёрамі па АПК, з улікам новаўвядзенняў і задуманага, у хуткім часе дасягнуць эканамічнай стабільнасці і поспехаў.


Н. СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *