І традыцыі працягваюцца, і новаму ёсць месца

Грамадства

Дзяржаўная праграма адраджэння вёскі прадугледжвае стварэнне сацыяльных умоў для развіцця вытворчасці, сацыяльна-бытавой сферы. Не апошняя роля адводзіцца ў ёй установам культуры. Арганізацыя вольнага часу насельніцтва – адна з асноўных задач клубных устаноў.


У аграгарадку  Малажын  пражывае 485 чалавек (260 – працаздольнага ўзросту, 114 – пажылога,  дзяцей і падлеткаў – 111). Размешчаны на беразе Дняпра, у маляўнічым кутку Брагіншчыны. Малажынскі Цэнтр культуры і вольнага часу пасля капітальнага рамонту адчыніў свае дзверы ў 2009 годзе. Дзякуючы творчаму падыходу да справы дырэктара К.І. Харко і мастацкага кіраўніка І.В. Дзятла ў практыку ўкараняюцца новыя формы работы. Яны цесна супрацоўнічаюць з Малажынскім сельскім Саветам, мясцовай школай, царквой.


Працягваюцца лепшыя традыцыі, якія сталі звыклымі на працягу многіх гадоў і якія прыкметна адрознівалі гэтую ўстанову культуры ад іншых. Заснавальнікам і натхняльнікам іх быў былы дырэктар Малажынскага СДК Васіль Ціханавіч Новік. Дарэчы, вакальны калектыў “Крыніца”, касцяк якога ён сабраў, пачаў сваё другое адраджэнне. Працягваецца работа па развіцці, выяўленні і захаванні традыцыйнай культуры рэгіёну, асабліва песеннага фальклору. Адбыліся ўжо выступленні на канцэртных пляцоўках Гомеля, Веткі, Брагіна, у навакольных вёсках. Прайшлі яны з поспехам і заслугоўваюць пахвалы.


Тамара Тарасаўна Філон, Таццяна Трафімаўна Давыдоўская, Алена Апанасаўна Чарнянок, Васіль Фёдаравіч Шынкарэнка, Валянціна Трафімаўна Плюшчай спяваюць у калектыве больш за 30 гадоў. Песні ў іх выкананні бяруць за душу, а звонкім галасам могуць пазайздросціць многія, у тым ліку і знакамітыя спевакі.
Моладзь адставаць не хоча. З задавальненнем выходзяць на сцэну, каб парадаваць гледачоў, Святлана Яскавец, Галіна Харко, Таццяна Бялега, Эдуард Шашкоў, Міхаіл Калясан, Алена Муратава, Лідзія Марчук і многія іншыя.


У практыку работы Малажынскага Цэнтра культуры і вольнага часу ўкараняюцца актыўныя формы, якія даюць людзям магчымасць не толькі глядзець і слухаць, але і дыскутаваць, спрачацца, выказваць свае думкі. Працуе пяць гурткоў мастацкай самадзейнасці, актывізавалася работа з дзецьмі і падлеткамі. Значная ўвага надаецца так званым цяжкім падлеткам. Працуе клуб дыджэяў пад кіраўніцтвам К.І. Харко, які каля дзесяці гадоў шчыруе ў гэтай клубнай установе. Канстанціну Іванавічу даводзіцца выступаць адразу ў некалькіх ролях, ён, як кажуць у народзе, “і швец, і жнец, і на дудзе грэц”.


Стварэнне творчых калектываў, арганізацыя дзейнасці гурткоў, правядзенне дыскатэк  – не адзіны клопат дырэктара Цэнтра культуры. Даводзіцца займацца добраўпарадкаваннем тэрыторый, рамонтам, выконваць шмат іншай работы, каб сюды ішлі людзі з задавальненнем і добрым настроем у прадчуванні цікавай сустрэчы з узнёслым і прыгожым.


Работнікі ўстановы разумеюць неабходнасць аказання платных паслуг насельніцтву, план выконваюць.
Творчых задумак у К.І. Харко і І.В. Дзятла шмат. Тандэм творчы адбыўся і робіць усё, каб жыццё сельскіх жыхароў было паўнацэннае і насычанае, каб яны мелі магчымасць далучацца да нашай нацыянальнай культуры, яе духоўнага багацця.


С. ДАЎГУЛЯВЕЦ,
в.а. дырэктара раённага метадычнага цэнтра



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *