Неабходна ўсім працаваць так, як працуюць у Брагіне

Общество

Да такой высновы прыйшлі члены прэзідыума Гомельскага абласнога саюза жанчын, якія пабывалі ў нашым раёне 4 мая. Пасяджэнне  прайшло ў раённым Доме культуры. Яго тэма – “Работа Брагінскага раённага саюза жанчын па рэалізацыі дабрачынных праектаў, накіраваных на сацыяльную падтрымку мацярынства і дзяцінства”.


Як і належыць у гасцінных славян, паважаных гасцей сустрэлі на мяжы раёна хлебам-соллю старшыня Брагінскага раённага саюза жанчын Л.П. Кузняцова, яе намеснік В.Р. Дзегцярэнка, члены прэзідыума. Затым усе разам накіраваліся ў КСУП “Пераможнік”, дзе азнаёміліся з умовамі працы і адпачынку аператараў машыннага даення. Цікавіла прадстаўнікоў вобласці, ці дастойна аплачваецца нялёгкая праца жывёлаводаў, а пачуўшы адказы начальніка планава-фінансавага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.Р. Дзегцярэнкі і намесніка дырэктара КСУП “Пераможнік” С.І. Протчанкі, засталіся задаволенымі. Ды і без тлумачэнняў спецыялістаў бачна было, што людзям ёсць дзе памыцца, адпачыць, папіць чаю, паглядзець тэлевізар. Да ўсяго на стэндах змешчана ўся інфармацыя, якая датычыць сістэмы аплаты працы, матэрыяльнага стымулявання. Вынікі работы падводзяцца рэгулярна.


Наступны пункт прыпынку – аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Не ў кожным раёне могуць пахваліцца такім  спартыўным абсталяваннем і ўтульнасцю, якія ўбачылі тут, распрацаванымі і рэалізаванымі праектамі “Я такой, как все”, “Мир и согласие – в каждый дом”, прыцягнутымі інвестыцыямі.


А ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ўразіла атмасфера цеплыні, якую стварылі дырэктар Г.У. Кавалец і яе калегі, іх адносіны да дзяцей з асаблівасцямі. Госці адразу заўважылі, што твары тых, хто тут працуе, выпраменьваюць дабрыню і спагаду. Для іх гэта не столькі работа, колькі покліч душы, на які здатны не кожны.


Гістарычны музей з карціннай галерэяй дапоўніў уражанне аб брагінчанах як аб творчых і ініцыятыўных людзях, якія з поспехам супрацоўнічаюць з замежнымі партнёрамі, ажыццяўляюць з імі сумесныя праекты. Адзін з іх – выстава “Потерянная земля”. Дарэчы, гідам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва, якая выдатна ведае гісторыю свайго краю і яго традыцыі, да таго ж валодае талентам расказчыка настолькі, што ўражаныя госці, пачуўшы пра створаны музей Васіля Ігнаценкі, папрасілі паказаць урывак з дакументальнага фільма пра нашага земляка. Члены прэзідыума абласнога саюза жанчын пакінулі запіс у кнізе ганаровых гасцей.


Ганна Мікалаеўна адкрыла і плянарнае пасяджэнне, прадоўжыла знаёмства з раёнам і яго сацыяльна-эканамічным развіццём. Відэафільм “За дабрачыннасць і міласэрнасць”  стварыў поўны малюнак работы жансавета і грамадскіх аб’яднанняў па рэалізацыі дабрачынных праектаў, накіраваных на сацыяльную падтрымку мацярынства і дзяцінства. Затым пра работу мясцовага дабрачыннага фонда “Парастак жыцця” расказала яго кіраўнік Т.У. Катлабай. Дырэктар КСУП “Брагінка” Т.С. Кудан узначальвае раённую арганізацыю РГА “Белая Русь”. Яна і гаварыла пра яе дзейнасць на тэрыторыі раёна, сумесную работу з саюзам жанчын.


Л.А. Пятніцкая, загадчыца аддзела культуры райвыканкама, выйшла на трыбуну з канкрэтнымі прапановамі: ажыццявіць на тэрыторыі раёна сумесны праект “Парк гульняў і атракцыёнаў”. Дарэчы, ён ужо падрыхтаваны. Цікава гаварыла яна і пра тыя ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца зараз. Адна з іх – “Встреча 20 лет спустя” і стварэнне кнігі “Памяць”, куды ўвойдуць літаратурныя творы, напісаныя дзецьмі аб чарнобыльскай катастрофе. Дзіцячы фестываль “Хрустальнае бусляня” аб’яднае фільмы на гэтую ж тэматыку. Іх стваральнікі – юныя жыхары забруджаных раёнаў, якія не былі, на шчасце, сведкамі трагічных красавіцкіх дзён і падзей 1986-га года, але ж сэрцам дакрануліся да іх і выказалі свае пачуцці і эмоцыі ў фільмах.


Аб рабоце саюза жанчын гаварыла Т.І. Салаўёва, дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання. Яна ж узняла і праблему п’янства на вытворчасці і ў быце.
У раёне створаны прытулак для дзяцей з неблаганадзейных і мнагадзетных сем’яў для рэабілітацыі. Як ён працуе, расказала дырэктар К.А. Данчанка і прапанавала ўвазе прысутных і відэафільм, які адлюстроўвае будні гэтай установы. 


Затым сваё меркаванне выказалі члены абласнога прэзідыума саюза жанчын. Усе яны былі аднадушны ў тым, што вопыт брагінчан па стварэнні праектаў неабходна прапаноўваць іншым. У раёне, які лічыцца самым забруджаным, убачылі прыветлівыя твары і шчырых людзей, сапраўдных патрыётаў, гатовых працаваць і ствараць сваімі рукамі каштоўнасці, захоўваць і памнажаць спадчыну сваіх продкаў. У той час, як асобныя раёны Гомельшчыны толькі пачынаюць работу па напісанні  праектаў, на Брагіншчыне з поспехам укараняюць мясцовыя ініцыятывы. Было і пажаданне больш увагі звяртаць на глыбінку, каб і там жыццё не заціхала, бурліла, а таксама пазбягаць фармалізму ў рабоце.


В.М. Кашавенка, намеснік старшыні Гомельскага абласнога саюза жанчын, адзначыла цесную сувязь райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў, падкрэсліўшы не апошнюю ролю ў гэтым намесніка старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёвай і старшыні раённага саюза жанчын Л.П. Кузняцовай.  Неабходна працаваць усім так, як працуюць у Брагіне, заключыла Вольга Мікалаеўна.


Н. СІНІЛАВА



Пакінуць адказ