СТРАТЭГІЯ ЧАТЫРОХ “К”

Сельское хозяйство

 Кадры, Каровы, Кармы, Кароўнікі – складальнікі поспеху


Летне-пашавы перыяд – аптымальны час для павелічэння вытворчасці мяса і малака. І ўпусціць яго недаравальна. Тут важна і рацынальнае выкарыстанне пашаў, і правільны догляд за імі, і выкананне распарадку дня. А калі жывёла знаходзіцца ў летніх лагерах, ёсць магчымасць прыступіць да падрыхтоўкі памяшканняў да зімоўкі.


Але ж у чэрвені гаспадаркі раёна дапусцілі зніжэнне вытворчасці прадукцыі. Адна з асноўных прычын – спёка, ад якой не было паратунку ні людзям, ні жывёле. І ўсё ж толькі на ўмовы надвор’я спасылацца нельга. Назіраюцца і іншыя прычыны спаду валавога надою. Недастатковая ўвага з боку спецыялістаў зааветслужбы ўдзяляецца выкарыстанню пашы. Часам парушаецца тэхналогія кармлення жывёлы, не рэгулярна падвозіцца вада.


Таму ў час правядзення раённага семінара, які праходзіў на базе КСУП “Чамярыскі”, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ставілі мэтай яшчэ раз адпрацаваць гэтыя пытанні, звярнуць увагу заатэхнікаў і ветурачоў гаспадарак і на франтальнае страўліванне выпасаў, і на догляд пашаў, і на рэжым кармлення маладняку буйной рагатай жывёлы. А яшчэ пераканацца у перавагах лагернага ўтрымання дойных кароў.


Усё гэта прысутныя ўбачылі ў “Чамярыскім”. Тут стараюцца  выкарыстаць магчымасці для павелічэння вытворчасці прадукцыі на танных кармах. Спачатку дырэктар Г.І. Краўчанка пазнаёміў з асаблівасцямі і ўмовамі развіцця жывёлагадоўлі. Генадзь Іванавіч лічыць, што аднымі кароўнікамі, якімі б мадэрнізаванымі яны ні былі, галіну не падняць. Для поспеху неабходны яшчэ і кадры, і кармы і высокаўдойныя каровы.


У гаспадарцы налічваецца 3840 галоў буйной рагатай жывёлы (+ 200 да ўзроўню мінулага года). Дзякуючы рабоце з узнаўленнем статка павялічылася вытворчасць малака. У гэтыя дні надойваюць больш 11 тон, і ўсё малако адпраўляецца на перапрацоўку толькі вышэйшым гатункам.


Калі з вытворчасцю малака справы ідуць нядрэнна, то над прывагамі  яшчэ патрэбна папрацаваць. У сярэднім яны складаюць 560 грамаў.


Вынікі работы  за зімова-стойлавы перыяд жывёлаводаў радуюць. Рост да ўзроўню мінулага года па вытворчасці малака склаў 112,0%, рэалізацыя жывёлы – 184,1%. Не ўпускаюць магчымасці атрымаць больш прадукцыі і ў летні час.


Свой поспех працаўнікі звязваюць з укараненнем новых тэхналогій. У апошнія гады правялі рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, увялі ў строй пустуючыя. Не спыняецца работа і ў гэты час і праводзіцца ў асноўным за кошт сродкаў гаспадаркі.


Паглядзелі ўдзельнікі семінара, як ідзе падрыхтоўка да зімы. У сельгаспрадпрыемстве створаны тры будаўнічыя брыгады. Толькі ў бягучым годзе плануюць адрамантаваць чатыры памяшканні. Закупілі шклопакеты, якія ўстановяць на вокнах у шасці памяшканнях.


Цяпер вядзецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы. Гэтай работай займаецца УП “Брагінская ПМК №91”. Да пачатку зімова-стойлавага перыяду яна будзе ўведзена ў строй.


Адначасова праводзіцца санацыя, пабелка жывёлагадоўчых памяшканняў. Не забываюць і аб добраўпарадкаванні. Тэрыторыя фермаў агароджана, асфальтавана, вакол не сустрэнеш пустазелля.


Цяпер уся жывёла – на адгоннай пашы і ў лагерах. Пасвіцца з  прымяненнем  электраагароджы, забяспечана соллю, няма перабояў з вадой. Але надвор’е ўнесла свае карэктывы – ад спякоты выгарала больш паловы пашаў (70%). Таму ў рацыёне – свежаскошаная люцэрна і сена.


Летні лагер для дойнага статка спадабаўся ўсім, хто быў у гэты дзень у гаспадарцы. І месцам размяшчэння, і бытоўкай для жывёлаводаў, і сістэмай даення, водазабеспячэння. Сваімі рукамі жывёлаводы пабудавалі альтанку, дзе можна адпачыць у вольны час. У планах на бліжэйшы час – душавая. Нягледзячы на тое што лагер працуе амаль трыццаць гадоў, ён і цяпер не згубіў сваёй актуальнасці. Прысутныя прыйшлі да адзінай думкі: з пераводам у яго кароў эканомяцца грошы гаспадаркі, і немалыя.


Прыемнае ўражанне пакінула МТФ “Хракавічы”, дзе знаходзяцца 250 галоў цёлак. У спёку яны ўтрымліваюцца ў памяшканні, маюць свабодны выхад у кашару. Сярэднясутачныя прывагі на гэтай групе дасягаюць 800 грамаў. Безумоўна, з гэтых цёлак атрымаюцца высокаўдойныя каровы. У рацыёне – люцэрна, канцэнтраты, сена. Дарэчы, у гаспадарцы стаўку робяць на “каралеву палёў”, якая дае добры ўраджай.


Звярталася ўвага прысутных і на  бытавыя ўмовы жывёлаводаў. Яны забяспечаны гарачым харчаваннем. Кіраўніцтва паклапацілася аб тым, каб пастухі і вартаўнікі маглі адпачыць у перасоўным доміку, схавацца ад спёкі і дажджу.


З павелічэннем пагалоўя патрабуецца і трывалая кармавая база. Сёлета плануецца нарыхтаваць 940 тон  сена, 15 970 тон сенажу, 23 250 тон сіласу. Тэмпы касавіцы ў гэтым годзе вышэй мінулагодніх. У аптымальныя тэрміны скасілі і ўбралі мнагалетнія травы першага ўкосу. Стаўку робяць на сена з другога ўкосу. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо назапашаны 11,3  цэнтнера кармавых адзінак (сярэднераённы паказчык – 8,5).


Паралельна механізатары вядуць падкос пашаў, хімапрацоўку зерневых культур і кукурузы супраць пустазелля, хвароб і шкоднікаў.


На плянарным пасяджэнні начальнік  планава-фінансавага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.Р. Дзегцярэнка прааналізавала вынікі работы аграрнага комплексу за пяць месяцаў, пазнаёміла з фінансавым становішчам гаспадарак. Прагнозны паказчык па вытворчасці сельгаспрадукцыі ўсімі катэгорыямі гаспадарак выкананы на 113,6% (пры плане 113,0%). У грамадскім сектары ён склаў 116,3%, насельніцтва справілася з заданнем на 97,3%.


Спынілася Валянціна Рыгораўна на тэрмінах выплаты заробку, засяродзіла ўвагу на аплаце працы асемянатараў і маладых спецыялістаў, закупе малака і маладняку ў насельніцтва.


Аб тым, як працавалі жывёлаводы на працягу пяці месяцаў, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання М.А. Раманюк. Мікалай Аляксеевіч у сваім выступленні назваў прычыны, якія прывялі да зніжэння вытворчасці малака ў чэрвені. Гэта і парушэнне тэхналогіі пасьбы, і неналежны догляд за пашамі, і захворванні дойных кароў, і спёка, і часовая адсутнасць электраэнергіі.


Перад прысутнымі таксама выступілі спецыялісты райсельгасхарчу, райветстанцыі, лабараторыі і іншыя. Пастаўлены задачы знізіць да мінімуму падзёж жывёлы, заняцца нарыхтоўкай лекаў, мець у кожным сельгаспрадпрыемстве бойні. Разглядаліся на семінары і такія пытанні, як падрыхтоўка збожжаўборачнай тэхнікі, зернесушыльнай гаспадаркі, сенавалаў, складоў, захоўванне мінеральных угнаенняў, абкос пасеваў і іншыя.


Вынікі семінара падвёў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок. Ліпень – самы прадукцыйны летні месяц, і патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць прагнозны паказчык за паўгоддзе. Для гэтага ёсць усё неабходнае, адзначыў Валянцін Валянцінавіч.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *