БЕЗ ЭФЕКТЫЎНАГА ГАСПАДАРАННЯ ВЫНІКАЎ НЕ ДАСЯГНУЦЬ

Сельское хозяйство

На базе КСУП “Саўгас “Камарынскі” былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўлі за першае паўгоддзе. У яго рабоце  прынялі ўдзел  прадстаўнікі ПУП “Палескія сыры”.


КСУП “Саўгас “Камарынскі” па працягласці тэрыторыі – адно з самых большых у раёне. Адлегласць з поўначы на поўдзень – 60 кіламетраў. Агульная плошча зямель складае амаль 20 тысяч гектараў, глеба нізкабальная.  Кожны дзень  на  падвозцы  людзей  задзейнічаны тры аўтобусы. Што датычыць забяспечанасці кадрамі, то ў гаспадарцы не хапае спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна. У такіх умовах працаваць нялёгка, але ж, нягледзячы на цяжкасці, калектыў дабіваецца нядрэнных вытворчых паказчыкаў.


Пасля ўступнага слова дырэктар гаспадаркі Р.М. Анапрэенка пазнаёміў прысутных  з вытворчасцю, з тым новым, што ўдалося ўкараніць у практыку за апошні час. Цяпер на парадку дня – падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў да зімоўкі. Як станоўчае было адзначана тое, што тут дарэмна час не губляюць, а прыступаюць да работы адразу, як толькі перавядуць жывёлу на стойлавае ўтрыманне.


Удзельнікі наведалі некаторыя фермы. Многа ў гэтым плане было зроблена на МТФ “Верхнія Жары”. У старых памяшканнях правялі рэканструкцыю, пасля чаго палепшыліся ўмовы працы жывёлаводаў, больш здаровым стаў мікраклімат. Як вынік – рост вытворчасці прадукцыі і павышэнне прадукцыйнасці працы.


Павялічылася вытворчасць малака і склала 171,7%. Рэалізавана яго 847,6 тон. За шэсць месяцаў атрымана 1031,3 тоны (за аналагічны перыяд мінулага года – 847,2 тоны). У сярэднім надоена ад каровы 2426 кілаграмаў малака (+680 кг). Да 81,7% узрасла і таварнасць. Не засталося па-за ўвагай і навядзенне парадку на прыфермскіх тэрыторыях, якія агароджаны, каля кожнага памяшкання – асфальтаваныя  пад’езды.


Не будзе тэхналагічнай дысцыпліны – не будзе і рэнтабельнай прадукцыі. Гэтая думка прагучала ў час наведвання племянной фермы в. Кірава. Гаспадарцы па сіле зрабіць вытворчасць ялавічыны рэнтабельнай. На ферме ўтрымліваецца 1731 галава, цяпер знаходзіцца 900. Абслугоўваюць іх чатыры жывёлаводы, сярэднямесячны заробак якіх дасягае 1 млн 200 тысяч рублёў. Быкоў групы адкорму рэалізуюць вагой не ніжэй 470 кілаграмаў. Сярэднясутачныя прывагі – 800 грамаў.


Наведалі прысутныя і пашу, дзе знаходзілася два гурты кароў мясной пароды разам з цялятамі. Спякота не лепшым чынам уплывае на стан пашы, шматгадовыя травы месцамі пажоўклі. Тым не менш лагерны рацыён застаецца паўнацэнным, у яго ўключаюць сакавітую падкормку.


ВЫНІКІ  ПЕРШАГА  ПАЎГОДДЗЯ  Ў ЛІЧБАХ


На плянарным пасяджэнні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок адразу настроіў прысутных на адкрыты дыялог, адзначыў, чаго ўдалося дасягнуць і над чым яшчэ прыйдзецца працаваць. Палепшылася якасць рэалізуемага малака. Гэта адзначыла ў сваім выступленні і дырэктар ПУП “Палескія сыры” Т.Д. Грамовіч.


Начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.Р. Дзегцярэнка прааналізавала вынікі работы за студзень-чэрвень бягучага года, пазнаёміла з фінансавым становішчам гаспадарак. Ва ўсіх катэгорыя сельгаспрадпрыемстваў атрымана прадукцыі на 27 825 млн рублёў. Прагнозныя паказчыкі выкананы на 106,5% (пры плане – 113,0%). У грамадскім сектары — на 108,2%, насельніцтва справілася з заданнем на 97,0%.


Вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 10,9%, у тым ліку БРЖ – на 16,5%, малака – на 6,8%. Стратнай з’яўляецца вытворчасць свініны, якая знізілася на 2,6%.


Прагнозныя паказчыкі па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі выкананы на 110,9%. Ніжэй сярэднераённага яны ў КСУП “Пераможнік” – 106,8%, “Брагінскі” – 107,6%, “Малажынскі” – 109,6%. Лепшыя вынікі – у жывёлаводаў КСУП імя Жукава – 116,1% , “Брагінка” – 116,0%, “Саўгас “Камарынскі” – 113,0%, “Чамярыскі” – 112,6%.


Заданне па вытворчасці малака выканана толькі на 93,8%. З сямі сельгаспрадпрыемстваў з гэтым справілася адна гаспадарка — КСУП “Саўгас “Камарынскі”.
Што датычыць вытворчасці мяса, то на запланаваны паказчык выйшлі ўсе КСУПы.


У сярэднім па раёне на кожнага работніка атрымана прадукцыі на суму 17,7 млн рублёў. Больш — у КСУП “Брагінскі” – 33,2 млн рублёў, 23,3 млн руб. – у “Пераможніку” і 21,7 млн руб. – у “Чамярыскім”. А вось у КСУП імя Жукава выраблена на аднаго чалавека толькі на 10,4 млн рублёў.


Валянціна Рыгораўна звярнула ўвагу на тое, што пагалоўе буйной рагатай жывёлы па стану на 1 ліпеня складала 27 113 галоў (101,1% да аналагічнага перыяда мінулага года). Найбольшы рост забяспечаны ў КСУП “Брагінскі”, дзе пагалоўе павялічылася на 208 галоў, “Чамярыскі” – на 161. У той час, як КСУП “Пераможнік” і імя Жукава не вышлі на ўзровень мінулага года, а наадварот, знізілі пагалоўе на 249 і 96 галоў адпаведна. У цэлым колькасць кароў павялічылася на 5,7%, а свіней знізілася на 313 галоў.


Павялічэнне аб’ёмаў вытворчасці на 108,2% дало магчымасць забяспечыць тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 17%. Рэалізацыя малака ў  заліковай вазе павялічылася на 5,2%, ці на 529 тон. Лепшых  вынікаў дабіліся такія гаспадаркі, як КСУП “Саўгас “Камарынскі”, дзе рэалізавана малака на 214 тон больш адпаведнага перыяду 2009 года, імя Жукава – на 254 тоны.


На 24,4%, ці на 274 тоны павялічылася рэалізацыя жывёлы. Тут лепш спрацавалі КСУП імя Жукава, “Чамярыскі”, “Пераможнік”.
І ўсё ж галоўнае – чалавечы фактар. Кіраўнік павінен ведаць, што робіцца ў калектыве, што хвалюе людзей. На фермах павінны рэгулярна падводзіцца вынікі работы, адзначацца лепшыя працаўнікі. І не забываць  праводзіць эканамічныя саветы.


Спынілася Валянціна Рыгораўна на вытворчасці і рэалізацыі малака. У цэлым па раёне на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра” адпраўлена 3,8% ад агульнага аб’ёму прадукцыі, вышэйшым — 83,4%, першым – 11,8% і другім – 1%. Вышэйшым гатункам рэалізавалі малако КСУП “Чамярыскі”, “Брагінскі” (98,5%), у той час як у КСУП “Саўгас “Камарынскі” – толькі 44,9%, імя Жукава – 79,9%.


Неабходна адзначыць, што за першае паўгоддзе гаспадаркі забяспечылі базавую долю тлушчу 3,6%. А ў трох КСУПах – “Чамярыскі”, “Брагінскі”, “Саўгас “Камарынскі” яна склала 3,82%, 3,78% і 3,62% адпаведна.


Ад рэалізацыі малака ніжэйшай якасцю недаатрымана 335,3 млн рублёў, на адной тоне страты склалі 31,3 тысячы рублёў.


На жаль, усе сельгаспрадпрыемствы не выканалі заданне па таварнасці — 79,3%  пры запланаваных 90%.  Пры гэтым не даатрымалі 1073,1 млн рублёў. Многа малака ідзе на выпойванне цялят, таму неабходна не затрымліваць іх у даярак, а ў час перадаваць у групу дарошчвання. 


Як адзначыла дакладчык, не на належным узроўні наладжана работа па ўзнаўленню статка — недаатрымана 1420 цялят. На 100 матак атрымана па 48 галоў, што ніжэй мінулага года на шэсць цялят. Недаатрымалі і 198 парасят.  Прычына гэтага —  недастатковая работа райветплемстанцыі, ветлячэбніцы і зааветспецыялістаў на месцах. Адсюль – нізкі заробак асемянатараў.


Акрамя таго, у параўнанні з мінулым годам  павялічыўся  і  падзёж жывёлы. За шэсць месяцаў загінула 371 галава. Адна з асноўных прычын – несвоечасовае выяўленне хваробы. Часам да гэтага прыводзіць  абыякавасць як з боку спецыялістаў, так і жывёлаводаў.


Не засталося па-за ўвагай і пытанне закупу маладняку буйной рагатай жывёлы. Запланаванае заданне выканана — было закуплена 285 галоў. На належным узроўні арганізавана работа ў КСУП “Брагінка”. Горш абстаяць справы ў КСУП “Саўгас “Камарынскі”, “Брагінскі” і імя Жукава.


У параўнанні з мінулым годам закуп малака знізізіўся на 17,5% і склаў 380,6 тоны. А такія гаспадаркі, як КСУП “Саўгас “Камарынскі” – на 40,7%, імя Жукава – на 26,1%, “Малажынскі” – 22,3%.


Больш усіх ад каровы закуплена малака ў КСУП “Брагінка” — 1681 кілаграм, “Брагінскі” – 796 (пры сярэднераённым – 468 кг). Менш усіх – у КСУП “Саўгас “Камарынскі” – 248 кілаграмаў, “Чамярыскі” – 403, імя Жукава – 428.


Дапоўніў дакладчыка старшыня раённага Савета дэпутатаў М.І. Кавалёк, які спыніўся на распрацоўцы плана падтрымкі асабістых гаспадарак на 2011-2015 гады, звярнуўся да дырэктароў сельгаспрадпрыемстваў з прапановай ісці насустрач тым вяскоўцам, хто здае лішкі прадукцыі дзяржаве.


Падводзячы вынікі, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок акцэнтаваў увагу кіраўнікоў і зааветспецыялістаў на неабходнасці паскарэння работы па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да зімоўкі, добраўпарадкаванні прыфермскіх тэрыторый. У час семінара былі абмеркаваны і іншыя паўсядзённыя пытанні.


Паўгоддзе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна змаглі б закончыць і з лепшымі вынікамі. Як эфектыўна гаспадарыць, каб мець добрыя паказчыкі, даўно навучыліся. Неабходна толькі з большай сур’ёзнасцю адносіцца да даручаных абавязкаў, патрабаваць гэтага ад спецыялістаў. Працалюбівых работнікаў хапае ў кожнай гаспадарцы. Калі будзе наладжана тэхналагічная дысцыпліна –  тады будзе і рэнтабельная прадукцыя.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *