БУДЗЕ КЛОПАТ – БУДЗЕ І ВЫНІК

Грамадства

Тэмпы ўборачнай кампаніі, настрой яе ўдзельнікаў у многім залежаць ад таго, якія ўмовы створаны для людзей.


Для працаўнікоў сяла няма больш адказнай і ганаровай справы, чым уборка вырашчанага ўраджаю. Зжаць і абмалаціць каласавыя неабходна ў сціслыя тэрміны.


Дачыненне да жніва маюць многія: і спецыялісты, і хлебаробы, і аператары зернесушыльных комплексаў. Не менш важны час і ў жывёлаводаў — пашавы перыяд спрыяльны для нарошчвання тэмпаў вытворчасці прадукцыі. Цяпер жывёла знаходзіцца на адгоннай пашы.Таму арганізацыя харчавання і бытавых умоў для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу – адна з важных задач. Які будзе клопат – такі будзе і вынік.


Раней, у дзевяностыя гады, лазня была ў кожнай гаспадарцы, працавалі і сталовыя. А цяпер гатуюць ежу для сваіх працаўнікоў толькі ў КСУП імя Жукава, “Брагінка”, “Малажынскі”. Тут да падбору павароў падыходзяць скрупулёзна. Іх уменне смачна гатаваць ацанілі землякі – абеды не горшыя, чым у аб’ектах грамадскага харчавання. Па словах удзельнікаў уборачнай, нават смачней. Накарміць 60-80 чалавек – справа адказная. Галоўнае, улічваючы іх густы, рыхтаваць каларыйна і разнастайна. А на сыты страўнік, як кажуць у народзе, і працуецца добра.


Астатнія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы заключылі дагавор з раённым спажывецкім таварыствам. Як і ў мінулыя гады, для працаўнікоў КСУП “Брагінскі”, “Чамярыскі”, “Пераможнік” гатуюць абеды ў кафэ “Брагінка”, КСУП “Саўгас “Камарынскі” – у кафэ “Днепр”.


Меню складаецца з такім разлікам, каб было сытна, каларыйна і гаспадарцы па кішэні. Расходы бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.


Для тых, хто працуе дапазна, прадугледжана не толькі двухразовае харчаванне. Калі раней дастаўлялі хлебаробам мінеральную воду вадзіцелі сельгаспрадпрыемстваў, сёлета два разы ў дзень – спецыяльныя аўтамабілі з халадзільнай устаноўкай прадпрыемства грамадскага харчавання. У такую спёку ахалоджаны напітак і марожанае ўзбадзёрвае людзей. Усе гэтыя паслугі аплочваюць гаспадаркі.


Посуду хапае, закупілі ўсё неабходнае. Каб не ўзнікла праблем з своечасовай дастаўкай, у такім вялікім сельгаспрадпрыемстве, як “Малажынскі” задзейнічана дзве адзінкі тэхнікі.Паклапаціліся і аб тым, каб пасля працоўнага дня чалавек мог прыняць душ. У гэтым плане за апошнія гады многа зроблена. Лепш наладжаны быт у КСУП “Брагінскі”, “Малажынскі”, “Саўгас “Камарынскі”. А вось у КСУП імя Жукава замест канкрэтных спраў – толькі абяцанні. Праўда, ёсць летняя душавая, а вось калі на вуліцы пахаладае, дзе тады памыцца працаўнікам? Яшчэ ў мінулым годзе прафсаюзны камітэт закупіў воданагравальнік, толькі ніяк не даходзяць рукі яго ўстанавіць.


Прафсаюзы не забыліся аб маральнай і матэрыяльнай падтрымцы. Акрамя добрага заробку, пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі. Гэта ўжо стала правілам.


В. БАЛОБАН,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *