ДАСЛЕДВАННЕ — АБАВЯЗКОВА

Школа бяспекі

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна размешчаны на тэрыторыі зон радыеактыўнага забруджвання ад 1 да 15 Ки/км.кв. На ўсіх ёсць схемы вытворчага лабараторнага радыелагічнага кантролю за ўтрыманнем радыенуклідаў, якія адпавядаюць “Сістэме радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі Гомельскага аблсельгасхарчу”. Выконваюцца яны не ў поўным аб’ёме. У 2009 –м годзе ў гаспадарках раёна забіта 484 галавы буйной рагатай жывёлы, даследавана ў лабараторыі ветэрынарнай санітарнай экспертызы 470, або 97%; свіней – 120 галоў, даследавана 115 (96%). Аналагічны малюнак назіраецца і ў першым квартале 2010-га. Недастаткова наладжана работа ў гэтым напрамку ў КСУП імя Жукава.


Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах рашэннем праўлення замацаваны адказныя асобы, якія вядуць радыелагічны кантроль.


У мінулым годзе выяўлены факты рэалізацыі мяса ўнутрыгаспадарчага забою без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць.


Дзве гаспадаркі маюць права на лоўлю рыбы з ракі Днепр – КСУП “Малажынскі” і КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Рыба даследуецца не ў поўным аб’ёме. Летась выяўлены факты яе рэалізацыі без адпаведных дакументаў аб якасці. Да асоб, якія адказваюць за радыелагічны кантроль, прыменены штрафныя санкцыі.


А вось у бульбе ўраджаю 2009 года перавышэнняў РДУ-99 па ўтрыманні цэзію-137 не выяўлена.
У адпаведнасці з рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 21.07.2000 года №435 “Аб мерах па паляпшэнні радыяцыйнага кантролю  малака і іншых прадуктаў харчавання, якія атрымліваюць у асабістых падсобных гаспадарках” старшынямі выканкамаў сельскіх Саветаў адбор і дастаўка проб малака вядуцца марудна і не ў поўным аб’ёме. У прыватнасці, ігнаруе гэты дакумент выканкам Чамярыскага сельскага Савета, адмаўляецца дапамагаць райЦГЭ.


Аб’ёмы адбору проб малака з асабістых падсобных гаспадарак вызначаюцца ў залежнасці ад колькасці галоў дойнага статка і колькасці насельніцтва. Асноўнымі прадуктамі харчавання, якія даследуюцца на ўтрыманне цэзію і стронцыю, з’яўляюцца, акрамя малака, бульба, гародніна і караняплоды. Іх адбор праводзіцца ў час планавых выездаў на раён у перыяд масавай нарыхтоўкі.


Тэндэнцыі ў бок зніжэння або павелічэння проб забруджанага малака з асабістых падсобных гаспадарак ні па цэзію-137, ні па стронцыю-90 за шэраг гадоў не назіраецца, як і па колькасці населеных пунктаў, дзе яно выяўлялася. Прычым перавышэнні па цэзію-137 і па стронцыю-90 рэгіструюцца ў розных населеных пунктах  (няма населеных пунктаў з адначасовым перавышэннем па цэзію-137 і па стронцыю-90). Але ў 2009 годзе адзначалася рэзкае зніжэнне проб з перавышэннем утрымання радыенуклідаў. Зарэгістраваны населеныя пункты, дзе стабільна штогод выяўляецца малако з перавышэннем РДУ. Па ўтрыманні радыецэзію – Брагін, Камарын, Дублін, Малейкі, Краснае, па ўтрыманні стронцыю-90 – населеныя пункты Камарынскага пасялковага, Новаіялчанскага, Буркоўскага сельскіх Саветаў, н.п. Савічы.


Летась  перавышэнні РДУ-99 па ўтрыманні стронцыю паказалі пробы малака, якія прадставілі на праверку ўладальнікі кароў вёсак Двор Савічы і Грушнае, сёлета — ужо чатырох населеных пунктаў: Новая Грэбля, Ніжнія Жары, Іванкі і Чырвонае Поле.


У 2009-м больш дапушчальнага ўзроўню зарэгістравана цэзію ў васьмі пробах малака ў такой жа колькасці населеных пунктаў (Дублін, Вуглы, Лубенікі, Тэкліноў, Тэльман, Краснае, Рыжкаў, Камарын). У бягучым годзе – у адной пробе ў Вуглах.


Утрыманне цэзію звыш нормы адзначалася летась у дзвюх пробах дзікарастучых ягад (чарніцах), і ў такой жа колькасці грыбоў (лісічкі, польскія). Па ўсіх выпадках перавышэння РДУ-99 выканкамам сельскіх Саветаў Брагінскім райЦГЭ даецца інфармацыя ўстаноўленага ўзору, асабіста жыхарам высылаюцца адрыўныя талоны, дзе ўказана перавышэнне.


Штомесячна прадастаўляецца інфармацыя ў раённы выканаўчы камітэт і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама ў раённую газету “Маяк Палесся”. Па ўсіх пробах з дзяржаўнага сектара на прадпрыемствы высылаюцца пратаколы даследаванняў.


У населеных пунктах, дзе былі выяўлены перавышэнні ў малацэ па ўтрыманні цэзію-137, выдаваліся цэзійзвязваючыя камбікармы. Усяго летась – 23, 625 тоны ў 11 н.п.: Шкураты, Брагін, Малейкі, Ленінец, Сабалі, Тэльман, Сялец, Вуглы, Рыжкаў, Дублін, Камарын.


Праводзіцца кантроль за накапленнем дозавых нагрузак ад унутранага апраменьвання насельніцтва. Летась Брагінская цэнтральная раённая бальніца абследавала 9435 чалавек, з перавышэннем аказалася 11 (жыхары Савічаў, Верхніх Жароў, Брагіна, Камарына). У ходзе расследавання ўстаноўлена прычына перавышэння – ужыванне ў ежу дзікарастучых ягад і грыбоў.


Н. ПЕТРАЧОВА,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брагінскага раёна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *