ДЗЕ СТАРАННЕ, ТАМ І ПОСПЕХ

Грамадства

УБОРЦЫ самага галоўнага багацця – хлеба – падпарадкавана ўсё: і людзі, і тэхнічныя рэсурсы. Не сціхае напружаная праца ў гэтыя дні на зернетаку. На такіх аб’ектах заўважаеш, што столькі людзей, як было некалькі гадоў назад, цяпер няма. Абслугоўвае зернеачышчальна-сушыльны комплекс некалькі чалавек. І спраўляюцца выдатна, таму што абсталяванне сучаснае. Такімі агрэгатамі забяспечаны ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.


У КСУП “Саўгас “Камарынскі” ў 2006 годзе з’явілася першая ў рэспубліцы айчынная зернесушылка СЗК-15, якая можа працаваць на некалькіх відах паліва, у тым ліку і на мясцовых. Комплекс значна аблегчыў абавязкі — цяпер усё камп’ютарызавана. Калі раней за суткі перапрацоўвалі каля 100 тон, то гэты можа прапусціць да 300. Галоўнае – новая сушылка эканоміць і грошы, і час.


Сучаснае абсталяванне ў надзейных руках вопытных аператараў дае станоўчыя вынікі. Трэці сезон працуюць разам у КСУП “Брагінскі” Раман Пятровіч Козел, Аляксандр Леанідавіч Буйневіч і Аляксандр Анатольевіч Хадасок. На 30 ліпеня яны агрэгатам КВЗВ-30ж высушылі 4874 тоны. Звяно лідзіруе не толькі ў раёне, але і ў вобласці — па колькасці прапушчанага зерня яны на другім месцы.


У пераможцы мінулагодняга раённага спаборніцтва Івана Аляксандравіча Краўчанкі з КСУП “Чамярыскі” — 4549 тон дапрацаванага зерня. Сёлета ён працуе разам з Пятром Валер’евічам Малочкам.


—Сучасная зернесушылка намнога аблягчае справу, — дзеляцца сваімі думкамі аператары. — Калі раней у час жніва ад рання да позняй ночы патрэбна было шчыраваць з лапатамі, то цяпер працуеш з задавальненнем. Неабходна толькі задаць адпаведны тэмпературны рэжым. І, безумоўна, быць уважлівым.


Не застаюцца ў баку ад важнай сельскагаспадарчай кампаніі і школьнікі. Разам з дарослымі яны на зернетаку – і роднай гаспадарцы дапамогуць, і грошай заробяць.  


М. СВІРЫДЗЕНКА,
галоўны інжынер упраўлення
сельскай гаспадаркі і харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *