І ВЫСТУПІЛІ ЎДАЛА, І БЕЗ УЗНАГАРОД НЕ ЗАСТАЛІСЯ

Грамадства

Рэгіянальны фестываль гарманістаў адбыўся 17-18 ліпеня бягучага года ў Ельску. Ён з’яўляецца святам творчасці майстроў  ігры на гармоніку, прыпевачніц і займае значнае месца ў культурным жыцці палескага рэгіёна Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца па ініцыятыве  Гомельскага абласнога і Ельскага раённага выканаўчых камітэтаў.


Кожны раён прадстаўляў канцэртную праграму да 15 хвілін. Рэпертуар павінен быў адлюстроўваць музычныя традыцыі свайго рэгіёна, чаго прадстаўнікі Брагіншчыны строга прытрымліваліся. Да ўсяго не забыліся і пра герб горада, эмблему калектыву. Гэта была адна з умоў палажэння аб VІ рэгіянальным фестывалі “Грай, гармонік”.


Калектыў самадзейных гарманістаў і прыпевачнікаў нашага раёна фарміраваўся на працягу 30-ці апошніх гадоў. Па крупіцах падбіраў рэпертуар, выконваў старадаўнія беларускія песні, зачароўваў самабытнымі танцамі. У жанравых адносінах творы самыя разнастайныя: гістарычныя, лірычныя, каляндарныя, карагодныя, танцавальныя, гульнявыя. Канцэртную праграму дапаўняюць прыпеўкі,  песні  і  танцы,  якія  нарадзіліся і распаўсюджаны на Брагіншчыне.


Нашых самадзейных артыстаў і народных умельцаў ведаюць у Добрушскім, Хойніцкім, Лоеўскім раёнах. Яны  ўдзельнічалі ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы ў Рэчыцы, абласным – у Хойніках, Троіцкім карагодзе ў Ветцы. Былі задзейнічаны на свяце гарадоў Гомеля і Веткі. Апладзіравалі ім у Расіі, Германіі, Францыі, дзе выступалі з канцэртнымі нумарамі.


Конкурсную праграму ў Ельску прадстаўлялі салісты-гарманісты Ніна Ульянаўна Рассудоўская (Камарын), Іван Васільевіч Дзяцел і Фёдар Васільевіч Шынкарэнка (Малажын). Прыпеўкі выконвалі Валянціна Трафімаўна Плюшчай, Таццяна Трафімаўна Давыдоўская і Лідзія Мікалаеўна Марчук, усе з Малажына. Н.У. Рассудоўская выступала і ў ролі аўтара, апавядальніка баек. Дарэчы, настолькі паспяхова, што зачараваная публіка не хацела адпускаць са сцэны.


Не згубіцца сярод іншых калектываў, у тым ліку і замежных, дапамагла не толькі дбайная падрыхтоўка, але і ўступнае слова вядучай, пасля якіх гледачы ў зале прыціхлі:


—Славіцца хлебам і матчынай песняй
Наша зямля святая,
Шчыра гасцей Палесся
Брагіншчына вітае
.


Кожны канцэртны нумар  Л.А. Дубатдзел, якая вяла канцэртную праграму, суправаджала невялікім уступам, рыхтуючы журы і гасцей фестывалю да таго дзейства, якое разгорнецца на сцэне. Выступілі нашы самадзейныя артысты добра. Н.У. Рассудоўская атрымала Дыплом ІІІ ступені і званне “Пераможца” за высокае выканаўчае майстэрства і прапаганду традыцыйнай народнай музыкі ў намінацыі “Саліст-гарманіст” , а таксама каштоўны падарунак.


За прапаганду традыцыйнага народнага мастацтва граматамі адзначаны сямейны дуэт у складзе І.В. Дзятла і Л.М. Марчук, прыпевачніцы В.Т. Плюшчай і Т.Т. Плюшчай, саліст-гарманіст Ф.В. Шынкарэнка.


Праграма фестывалю прадугледжвала правядзенне “Горада майстроў”. Свае работы ў Ельску выстаўлялі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандр Уладзіміравіч Вініцкі, Марына Эргашаўна Хікматава, Валянціна Васільеўна Хмелянок і Ніна Рыгораўна Чарнянок. Усе яны былі заахвочаны прызамі.


Арганізатарам рэгіянальнага фестывалю і гасцям з суседняй Польшчы нашы ўмельцы падаравалі на памяць сувеніры з саломкі.


Н. СІНІЛАВА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *