НАДЗЕЙНАЕ СЁННЯ – ПАСПЯХОВАЕ ЗАЎТРА

Сельское хозяйство

Малако і мяса – прадукты стратэгічныя, і калі іх вытворчасць наладзіць строга па тэхналогіі, можна атрымаць значны прыбытак. Пашавы перыяд – спрыяльны час для атрымання  прадукцыі. Як праходзіць ён сёлета, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца і над чым працуюць цяпер жывёлаводы, расказвае галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання П.В. Пінчук.


—Пётр Валер’евіч, сёлетняе спякотнае лета прынесла нямала клопатаў жывёлаводам. Што было зроблена ў гаспадарках раёна для таго, каб не знізіць вытворчасць прадукцыі?


—Такое надвор’е не лепшым чынам уплывае на стан пашы, шматгадовыя травы месцамі пажоўклі. Усё гэта прывяло да зніжэння вытворчасці малака і мяса. Каб выправіць становішча,  некаторыя гаспадаркі вырашылі пераняць вопыт калег з Мазыршчыны, дзе 60% жывёлы перавялі на стойлавае ўтрыманне і атрымалі адпаведны вынік. Так зрабілі на МТФ “Конанаўшчына” ў КСУП імя Жукава, на МТФ “Шкураты” ў “Брагінцы”, на МТФ “Новае Зарэчча” ў “Пераможніку”, а таксама на комплексе і на МТФ “Аляксееўка” (КСУП “Малажынскі”). На астатніх фермах перайшлі на такі графік работы: пасвяць жывёлу ў той час, калі меншая спёка – раніцай, увечары і ноччу. Тым не менш, рацыён застаецца паўнацэнным, у яго ўключаецца 60 кілаграмаў сакавітай падкормкі, канюшына, пайза. І абавязкова – вада. Усе гэтыя меры ў значнай ступені дазволілі дабіцца нядрэнных вынікаў. У ліпеньскія дні валавая вытворчасць малака склала 105% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Рэалізуецца на перапрацоўку па 65,7 тоны малака. У цэлым па раёне ад кожнай каровы надойваюць у сярэднім па 14,1 кілаграма малака.


—Дарэчы, пра вынікі. З якімі паказчыкамі закончылі першае паўгоддзе?


—Па выніках работы за шэсць месяцаў атрымана ад каровы па 2445 кілаграмаў малака (+157 кг). Па гэтаму паказчыку ў вобласці нашы аператары машыннага даення на пятым месцы. Найбольш надаілі ў КСУП “Брагінскі” – 2881 кілаграм, але ў параўнанні з мінулым годам “мінусуюць”, КСУП “Пераможнік” – 2700 (+108 кг), “Чамярыскі” – 2517 (+158 кг).


Ёсць рост і ў вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы. Павялічыліся не толькі валавыя, але і сярэднясутачныя прывагі. У чэрвені яны склалі 667 грамаў (з пачатку года – 591 гр). Вышэй сярэднераённага гэты паказчык у КСУП “Брагінскі” – 644 грамы і “Брагінка” – 621.


—Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача давесці таварнасць малака да 90%…


—Тут нам яшчэ ёсць над чым працаваць. Таварнасць малака пакуль складае 84%. Застаецца нізкай яна ў такіх гаспадарках, як КСУП імя Жукава, “Брагінскі”, “Малажынскі” і “Пераможнік”, дзе выпайваюць звыш нормы ад адной да дзвюх тон малака ў суткі. Каб павялічыць таварнасць, неабходна рэгулярна ўводзіць у рацыён камбікорм. Але, на жаль, не ўсе кіраўнікі гэта разумеюць. Так, за шэсць месяцаў ні адной тоны яго не набылі ў КСУП “Чамярыскі”.


—Ліпень ужо скончыўся. Мала засталося часу  да пачатку зімова-стойлавага перыяду. Раскажыце, як ідзе падрыхтоўка памяшканняў.


—Некаторыя гаспадаркі прыступілі да гэтых работ як толькі вывелі жывёлу на пашавае ўтрыманне. Ужо многа адрамантавана, праведзены рэканструкцыі. У той жа час неабходна паскорыць тэмп работ у КСУП “Малажынскі”. На сёння не працуюць будаўнічыя брыгады ў КСУП імя Жукава, “Брагінка”.


Акрамя таго, нельга не забываць аб добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на прыфермскіх тэрыторыях: своечасова праводзіць падкошванне, вывозіць смецце, ачышчаць кашары. Асабліва звярнуць на гэта ўвагу КСУП “Малажынскі”.


Хто да справы адносіцца з адказнасцю, працуе з прыбыткам. Жывёлаводы разумеюць, што надзейнае сёння – гэта паспяховае заўтра. Стараюцца выконваць пастаўленыя задачы і робяць усё для таго, каб і надоі выраслі,  і прывагі павялічваліся.


Гутарыла Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *