НАШЫ “ВУЛІЦЫ РАЗБІТЫХ ЛІХТАРОЎ”

Территория закона

УСЁ  СВАЁ  НАШУ  З  САБОЙ


Усё, што нажыў непасільнай працай, страціў жыхар вёскі Чырвоная Ніва з-за сваёй легкадумнаці.  Пяць гадоў збіраў ён грошы на машыну. Але захоўваў іх не ў банку і нават не ў шафе для бялізны (як гэта робяць некаторыя).  Ён іх насіў з сабой у кішэні… Сумма немаленькая – дзве з паловай тысячы еўра,  400 долараў і 500 тысяч беларускіх рублёў. Аднак грамадзянін лічыў, што спосаб захоўвання грошай “пад сэрцам” больш надзейны. Ды толькі аднойчы і ён падкачаў…


Адправіўся неяк мужчына ў суседнюю вёску Крыўча ў магазін. Купіў таго-сяго з прадуктаў, ну і, канечне ж, віна. Як жа без яго?.. 


А вось што было далей — не памятае. Нават пра тое, колькі купляў віна, дзе і з кім піў. Прачнуўся ў полі сярод жыта. Азірнуўся – няма сумкі з ежай. Ды што там сумка. Куртка з грашамі ў кішэні знікла!


– Родненькія, знайдзіце грошы! – кінуўся бедалага за дапамогай да  міліцыянераў.


Чатыры дні спатрэбілася старшаму ўчастковаму інспектару РАУС С.У. Сінілу для таго, каб адшукаць злодзеяў.  За гэты час яны паспелі патраціць 100 еўра і 300 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер чухаюць галаву, дзе іх знайсці, каб аддаць гаспадару.


ПРЫГОДЫ  ХАТНЯГАЗЛОДЗЕЯ


На крымінальную сцежку Аляксей стаў  яшчэ ў 16 гадоў, і сёння ў пэўных кругах яго ведаюць многія. У 2008-м юнак здзейсніў 8 крадзяжоў гульнявых прыставак і камп’ютэраў з кватэр жыхароў Брагіна, куды трапляў праз вокны. За гэта ён быў адпраўлены ў месцы аддаленыя, дзе правёў амаль два гады.


Дамоў Лёша вярнуўся гэтай вясной. Зведаўшы жыццё ў калоніі, ён упэўнена абяцаў, што болей туды не вернецца. Малады чалавек заканчваў 11 классаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, і патрэбна было думаць аб працягу вучобы і набыцці прафесіі. Тым больш, што адзнакі ў атэстате дазвалялі гэта зрабіць.  Аднак, як кажуць: “ад турмы і ад сумы не заракайся”.


Новыя прыгоды юнака пачаліся, як толькі ў школе празвінеў апошні званок.  Спачатку ён выкраў мапед у аднаго жыхара Брагіна, потым запчасткі да гэтага транспартнага сродка – у другога. Калі міліцыянеры затрымалі  злодзея, ён  слёзна прасіў яго адпусціць, абяцаў, што гэта было ў апошні раз. Паверылі. Як аказалася, дарма.


Праз некалькі дзён Аляксей зноў здзяйсняе крадзёж. На гэты раз – банкаўскай пластыкавай карткі. У чужы дом ён трапіў звыклым спосабам – праз акно. І на табе – на стале ляжыць картка і пін-код да яе. Перасілець спакусу юнак не змог, схапіў картку і хутчэй у банкамат, дзе зняў 100 тысяч беларускіх рублёў. Не ведаў Лёша, што ў той момант яго здымала відэакамера. Яна і дамагла супрацоўнікам міліцыі выйсці на след зладзюгі.


Сёння Аляксей знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.


ПАЛЯВАННЕ  ПРЫВЯЛО  ДА  ТРАГЕДЫІ


Аднойчы трое жыхароў вёскі Іванкі адправіліся на паляванне. Яны адразу ж разбрыліся па лесе, вырашыўшы, што так будзе больш шанцаў сустрэць дзіка.   Жаданне вярнуцца дамоў з трафеем было такім моцным, што адзін з паляўнічых пачаў страляць, толькі пачуўшы шорахі ў зараслях. Аднак лёгкай мішэнню стаў напарнік.


Каб пазбегнуць пакарання, віноўны папрасіў яго сказаць, што няшчасны выпадак адбыўся з-за ўзарваўшагася ў руках патрона. Пацярпеўшы згадзіўся. Ён так і памёр у бальніцы, стоячы на сваім  і выгароджваючы сябра, – стрэл карцеччу быў смяротным. 


Аднак у ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікам міліцыі ўдалося  дакапацца да праўды. Пры гэтым, у час вобыску  ў падазраванага было знойдзена тры незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы і чатыры патроны калібра 7,65 мл (да аўтамата Калашнікава).


У хуткім часе гора-паляўнічы сядзе на лаву падсудных.


ВІНАВАТА  ГАРЭЛКА


Чашу цярпення аднаго з жыхароў вёскі Малейкі перапоўніў чарговы “запой” жонкі. Яе зноў позна ўвечары не было дома. Муж адправіўся шукаць  суджаную і сустрэў  яе недалёка ад хаты. Як і трэба было чакаць,  тая была  “навесяле”.


Прыступіўшы да фізічнага выхоўвання з дапамогай драўлянай палкі, мужчына забыўся пра ўсякую меру.  Спагнаўшы такім спосабам назапашаную злосць, ён за ногі пацягнуў жонку дадому і ў адным з пакояў пакінуў яе ляжаць на падлозе. Раніцай жанчына памерла.


Зараз грамадзянін чакае пакарання. Чацвёра дзяцей у адзін момант засталіся  без бацькоў.


В. ЧЭКАН,
начальнік аддзела ўнутраных спраў Брагінскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *